Навіны

Сталі вядомыя падрабязнасці 2 гучных спраў, па якіх судзілі сем'ямі

Падкінутая выбухоўка, моцнае збіццё
Былы палітвязень, які перасякаўся ў зняволенні з Дзмітрыем Капузай і Дзмітрыям Малочка (атрымалі 24 і 12 гадоў калоніі адпаведна), паведаміў нам новыя падрабязнасці спраў, па якіх гэтыя мужчыны (а таксама іх жонкі) атрымалі страшныя тэрміны.

Сітуацыя з сужонкамі Вольгай і Дзмітрыем Капуза з Драгічыншчыны да гэта часу была цьмянай. Як раней паведамлялі праваабаронцы «Вясны», Капуза Дзмітрый асуджаны на 24 гады зняволення, а яго жонка Вольга на 21 год. Судовае паседжанне было закрытым, таму сутнасць абвінавачванняў не была вядомай. Але пасля іх затрымання ў 2024 годзе на дзяржаўным тэлебачанні выходзіла перадача, дзе іх абвінавачвалі ў кантрабандзе з Украіны і шпіянажы.

Адзін з вызваленых палітвязняў, які доўгі час сядзеў разам з Капузам і быў з ім у добрых стасунках у СІЗА-7, расказаў нам, што яму вядома пра сутнасць гэтай справы. Спачатку абвінавачванне ішло па арт. 289 КК. Гэта абвінавачванне ў тэрарызме. Але па гэтаму артыкулу трэба, каб было ўчыненне выбуху, падпалу або іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей. Цяжкае злачынства, якое прадугледжвае працяглыя тэрміны пазбаўлення волі, аж да выключнай меры. Потым кадэбісты (хутчэй менскія, бо Капуза быў спачатку завезены ў менскае КДБ) перакваліфікавалі справу на арт.356 КК «Здрада дзяржаве». Гэты артыкул прадугледжвае суровае пакаранне за «дапамогу іншых краінам (замежным/міжнародным арганізацыям) рабіць дзенні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ». Пад гэты артыкул любое дзеянне падагнаць можна.

Што падвялі пад «здраду»? Як тлумачыў сам Капуза нашаму суразмоўцу, ёсць такая вёска Сварынь у Драгічынскім раёне. Яна недалеко ад мяжы з Украінай. У Дзмітрыя кватэра ў Драгічыне, але хата была і ў Сварыні. І вось ён там займаўся кантрабандай: бурштын, цыгарэты, гарэлка. Мог адразу перавезці тавар, а мог схаваць і перавозіць часткамі для бяспекі. Відаць, адно са сховішчаў стала вядома кадэбістам і ў яго падкінулі выбухоўку. Пра што Капуза даведаўся пасля арышту. І затрымалі яго напачатку 2024 года пры пад'ездзе да дому. Выскачылі з бусіка людзі, падбеглі да яго аўтамабіля, адкрылі дзверцы і без адзінага слова двойчы выстралілі ў нагу. Затым выцягнулі з машыны і завезлі ў бальніцу. Хірург кінуўся дапамагаць, але яго спынілі, адвялі ўбок, пагаварылі, і той перамяніўся. Дзмітрый атрымаў мінімальную дапамогу. Паводле нашага суразмоўцы, добра, што кулі прайшлі навылет, што не адбылося заражэння, што дапамаглі тыя мазі якія былі ў камеры, што не пачалася гангрэна, што нага ацалела. Разам з Капузамі затрымалі яшчэ 10 чалавек з вёскі. 7 пазней адпусцілі. Як склаўся лёс трэцяга неадпушчанага з дзесяткі, Уладзіміра Капузы — цёзкі Дзмітрыя па прозвішчу — невядома. Але ён, як і Дзмітрый, на той час віны не прызнаў. Білі ў КДБ усіх «па-чорнаму» — месяц мачыліся крывёю, сінякі з цела не сыходзілі. А калі павезлі Капузу на месца так званага злачынства на эксперымент, ён пры адвакатцы сказаў, што ў сховішчы павінен быць толькі бурштын, ніякай выбухоўкі ён туды не клаў. Тады адзін з кадэбістаў сказаў, што «відаць, Дзмітрыю стала дрэнна і яму трэба аказаць дапамогу». Калі Дзмітрый папрасіў адвакатку пайсці з ім, бо яго будуць біць, тая адмовілася, сказаўшы: не можа такога быць. Пазней, дарэчы, яе так запужалі, што папрасіла Капузу напісаць ад яе адмову, што яна яго не хоча абараняць. Такім чынам ён застаўся адзін на адзін з тымі, каму трэба была для аўтарытэту і значнасці гучная справа. У бусе білі гадзіны дзве-тры, гумовую дубінку засоўвалі ў рану. Было адчуванне, што адчынілася пекла і ён ужо там.

Калі ў СІЗА Дзмітрый і наш размоўца на нейкі час разышліся па розных камерах, а потым сустрэліся зноў, то наш суразмоўца яго не пазнаў. Дзмітрый выглядаў вельмі кепска і моцна пастарэў. Дзмітрый успамінаў, што яго папярэджвалі, каб ён завязваў з кантрабандай з Украіны, але мужчына падумаў: заплачу штраф, калі што. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што яму прыпішуць шпіянаж. Дзмітрый сказаў, што такіх «шпіёнаў» у памежных з Украінай вёсках амаль кожны. І што людзі праз такі гандаль выжываюць ад беднасці.

Яшчэ наш суразмоўца успамніў і сужэнцаў з Баранавічаў Дзмітрыя і Аксану Малочка. Іх асудзілі таксама за «Здраду дзяржаве» на 12 і 8 гадоў, а па факту за здымак цягніка з вайсковай тэхнікай на платформе без ніякага шпіёнскага намеру.
2026-01-29 15:10