Навіны

Набег на белаазёрскі каледж (у Бярозаўскім раёне)

Праверкі тэлефонаў вучняў, допыты непаўнагадовых без дазволу бацькоў
Бярозаўскі раённы аддзел Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь у апошні дзень студзеня-2023 здзейсніў набег на мясцовы каледж электратэхнікі ў Белаазёрску. Супрацоўнікі сур'ёзнага ведамства перапужалі не толькі навучэнцаў, але і педкалектыў. Непаўнагадовых навучэнцаў Аляксандра Жуковіча, Данііла Федзіна, Аляксея Дабрадзея, Антона Богуша і Мікіты Кашына забралі з заняткаў у кабінет дырэктара для праверкі тэлефонаў на наяўнасць экстрэмісцкіх каментароў і лайкаў у сацсетках.

У дваіх была фізкультура і тэлефоны засталіся ў раздзявалцы. Цёця следчая не даверыла ім самім дастаўку тэлефонаў і суправаджала падлеткаў да месца лакацыі іх тэлефонаў і адразу забрала тэлефоны, каб выпадкова хлопцы чаго не выдалілі.

Пазней з'явілася іншая версія: па геалакацыі на месцы спаленых чырвона-зялёных сцягоў у Бярозе нібы засеклі нумары трох навучэнцаў. Таму пасля праверкі тэлефонаў усіх павезлі з Белаазёрску ў Бярозу для дачы паказанняў. Усіх адпусцілі, але тэлефоны дваіх хлопцаў забралі для нібыта больш дэтальнай праверкі (і да гэтага часу яшчэ не аддалі). Паводле падлеткаў, на іх там моцна крычалі. А чаго крычалі, дзеці так і не зразумелі.

Трэба адзначыць, што следчыя праводзілі спецаперацыю з непаўнагадовымі без дазволу бацькоў. Але ў Беларусі не да законаў.

Чарговы набег гэтым разам на каледж прадэманстраваў, што пад «плінтусам» павінны сядзець і стары, і малы.
2023-02-15 18:46