Пра людзей

«Усё лепшае яшчэ наперадзе!»

Антон Сотнікаў

8 лютага 2021 года Антона затрымалі праз падазрон ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" у Берасці 10 жніўня 2020 года. Больш за паўгады ён утрымліваўся ў СІЗА-7, пакуль 12 жніўня ў складзе трэцяй "партыі" не атрымаў прысуд — 4 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч.2 арт. 293 ("Удзел у масавых беспарадках"), апроч абвінавачвання па ч.1 арт. 339 ("Хуліганства") Крымінальнага Кодэксу. Цяпер Антон знаходзіцца ў шклоўскай папраўчай калоніі №17.

Пра Антона "Вясне" вядома няшмат. Выгадоўваўся бабуляй, з бацькам пазнаёміўся толькі ў 2021 годзе, але той не выказаў жадання як-небудзь дапамагчы. Пакуль хлопец знаходзіўся ў СІЗА, перадачкі збіралі валантэры і неабыякавыя людзі. Цяпер гэта немагчыма — іх можна дасылаць толькі сваякам, якія гэта зусім не робяць, таму хлопец застаўся ў калоніі сам-насам без рэчаў.

«Я не алкаголік, не злодзей, і шмат іншага. Я чысты, ахайны, выхаваны і вельмі добры. Але цяпер я "зэк", і мне гэта вельмі не падабаецца, сорамна вельмі» (з лістоў)

У канцы 2021 года Антон працаваў у дрэваапрацоўчай прамысловасці. Піша, што "ўстанова файная", на тэрыторыі ёсць лазня, стадыён, хакейная пляцоўка і новая сталовая. Атрад прыняў, прадстаўнікі адміністрацыі "добрыя, ветлівыя і справядлівыя, калі не парушаць правілы", а часам нават харчуюць дранікамі.

«Я хачу проста кіраваць сваімі дзеяннямі, а яны, у сваю чаргу, паўплываюць на мае рэаліі» (з лістоў)

Антон вельмі нудзіцца па доме. Яму будзе прыемна, калі вы напішаце некалькі цёплых словаў ці дашлеце здымак родных краявідаў. На жаль, ёсць падставы меркаваць, што даходзяць пісьма толькі ад родных, але ніколі не трэба кідаць спробы прарвацца праз цэнзуру.

Адправіць ліст можна па адрасе:

Сотнікаў Антон Мікалаевіч
7 атрад ПУ "ПК №17"
вул. 1-ая Заводская, 8
213004 г. Шклоў
Магілёўская вобл.
Made on
Tilda