Пра людзей

«Усё лепшае яшчэ наперадзе!»

Антон Сотнікаў

8 лютага 2021 года Антона затрымалі праз падазрон ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" у Берасці 10 жніўня 2020 года. Больш за паўгады ён утрымліваўся ў СІЗА-7, пакуль 12 жніўня ў складзе трэцяй "партыі" не атрымаў прысуд — 4 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч.2 арт. 293 ("Удзел у масавых беспарадках"), апроч абвінавачвання па ч.1 арт. 339 ("Хуліганства") Крымінальнага Кодэксу. Цяпер Антон знаходзіцца ў шклоўскай папраўчай калоніі №17.

Пра Антона "Вясне" вядома няшмат. Выгадоўваўся бабуляй, з бацькам пазнаёміўся толькі ў 2021 годзе, але той не выказаў жадання як-небудзь дапамагчы. Пакуль хлопец знаходзіўся ў СІЗА, перадачкі збіралі валантэры і неабыякавыя людзі. Цяпер гэта немагчыма — іх можна дасылаць толькі сваякам, якія гэта зусім не робяць, таму хлопец застаўся ў калоніі сам-насам без рэчаў.

У калоніі з канца 2021 года Антон працуе на дрэваапрацоўцы. Вядома, што адносіны з іншымі зняволенымі ў яго складваюцца добрыя. Але ж статус "зэка" яму вельмі не падабаецца, бо хлопец не лічыць сабе злачынцам.

Антон вельмі нудзіцца па доме. Яму будзе прыемна, калі вы напішаце некалькі цёплых словаў ці дашлеце здымак родных краявідаў. На жаль, ёсць падставы меркаваць, што даходзяць пісьма толькі ад родных, але ніколі не трэба кідаць спробы прарвацца праз цэнзуру.

Адправіць ліст можна па адрасе:
Сотнікаў Антон Мікалаевіч
7 атрад ПУ "ПК №17"
вул. 1-ая Заводская, 8
213004 г. Шклоў
Магілёўская вобл.
Made on
Tilda