Зніжэнне колькасці настаўнікаў, першакласнікаў, беларускамоўных школ
Што нам кажа статыстыка пра адукацыю ў Берасцейскай вобласці?
Разгледзем 3 віда дадзеных пра школьную адукацыю. І не спяшайцеся засмучацца — мы знайшлі і пазітыўныя лічбы (ва ўсякім разе, калі параўноваць з іншымі рэгіёнамі Беларусі).
Колькасць першакласнікаў у Берасцейскай вобласці
1 верасня 2026 года школьнікі былі на ўрачыстых лінейках. Упершыню ў Берасцейскай вобласці за парты селі 13.7 тысяч першакласнікаў, спадзяецца Пётр Пархомчык (старшыня аблвыканкама). Але рэальная лічба можа аказацца нашмат ніжэй.
Бо мы праверылі, як змянялася лічба першакласнікаў вобласці за апошнія гады. Яшчэ ў 2022/2023 навучальным годзе першакласнікаў было 17.9 тысяч (паводле Белстата). У наступным годзе іх аказалася 16.3 тысяч (аблвыканкам спадзяваўся на 17.1 тыс). А ў 2024/2025 навучальным годзе першакласнікаў было 15 тысяч (хаця аблвыканкам чакаў 16.5 тысяч).
У папярэднім, 2025/2026 навучальным годзе ўпершыню за парты селі 14.2 тысяч школьнікаў (аблвыканкам разлічваў на 15 тысяч).
Такім чынам, чаканні аблвыканкама па колькасці першакласнікаў апошнія гады разыходзіліся з фактычнымі лічбамі то на прыблізна 800, то 1500 дзяцей.
Дадзеных Белстата за гэты год яшчэ няма — так што няма з чым параўнаць спадзевы на 13.7 тысяч першакласнікаў за бягучы, 2026/2027 навучальны год.
А калі ж аналізаваць дадзеныя Белстата, то з цягам часу першакласнікаў у Берасцейскай вобласці робіцца ўсё меней: ў 2025 годзе іх прыйшло на 20.7% менш, чым у 2022 годзе.
2. Колькасць настаўнікаў
Колькасць настаўнікаў у школах таксама змяншаецца. Аналіз дадзеных Белстата паказвае, што за апошні год, за якія ёсць дадзеныя, настаўнікаў у Берасцейскай вобласці паменела на паўтысячы. Гэта параўнальна з тым, колькі сышло настаўнікаў за папярэднія тры гады.
Як бачна са статыстыкі, на пачатку 2025/2026 навучальнага года ў Берасцейскай вобласці налічвалася 16825 настаўнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Годам раней іх было на 501 больш.
Калі ж параўноваць папярэднія тры гады, пачынаючы з 2021/2022 навучальнага года, то колькасць настаўнікаў змяншалася на 326, 92 ды 205 чалавек за год адпаведна.
3. Колькасць школьнікаў з беларускай мовай навучання
Нарэшце мы знайшлі статыстыку, якую можна лічыць у нейкім сэнсе пазітыўнай. Але гэты пазітыў з'яўляецца, толькі калі параўноваць з іншымі абласцямі.
Так, Берасцейская вобласць аказалася амаль што лідарам па колькасці школьнікаў, якія маюць беларускую мову навучання. Больш такіх навучэнцаў (як колькасна, так і ў адносных лічбах) толькі ў Менскай вобласці. Агулам жа чвэрць усіх школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове — гэта менавіта вучні Берасцейскай вобласці.
Згода з самымі свежымі дадзенымі Белстата (за 2025/2026 навучальны год), у Берасцейскай вобласці было 21437 навучэнцаў з беларускай мовай адукацыі. Гэта 12.7% ад усіх школьнікаў вобласці.
Для параўнання: ў Віцебскай вобласці гэта 4.3%, у Гомельскай — 6.7%, у Гарадзенскай 8.1%, у Магілёўскай 6.2%, у Менскай вобласці 16.4%, у г.Менску 1.7%.
Праўда, гэты адсотак зніжаецца год ад года. У 2022/2023 годзе у Берасцейскай вобласці было 14.2% школьнікаў з беларускай мовай навучання.