Як паведамляюць журналісты выдання, 26 жніўня старшыня райвыканкаму са сваім намеснікам сталі тэлефанаваць журналістам «Ганцавіцкага часу», ў тым ліку былым. Чыноўнікаў цікавіла, хто з'яўляецца аўтарам артыкулу пра «аблысенне» Ганцавічаў.
А 29 жніўня журналістамі ўжо зацікавалася міліцыя. Так, карэспандэнтку Святлану Малышка выклікалі «на размову». У РАУСе жанчыне патлумачылі, што пытанні выклікае артыкул «Центр Ганцевичей к "Дожинкам" облысел».
Першы намеснік старшыні ганцавіцкага РАУСу Дзяніс Санчук казаў, што загаловак не адпавядае рэчаіснасці, а пісаць трэба было пра тое, як Ганцавічы змяніліся ў добры бок падчас падрыхтоўкі да «Дажынак». Журналістка адказала, што дрэвы сапраўды ссяклі, так што ў матэрыяле напісана дакладная інфармацыя. Таксама звярнула ўвагу, што хацела атрымаць афіцыйны каментар ад чыноўнікаў, дзеля чаго ссяклі дрэвы, але спецыліст райвыканкаму проста кінуў тэлефон падчас размовы з карэспандэнткай. Больш за тое, у «Ганцавіцкага часу» выходзілі і артыкулы пра пазітыўныя змены гораду да «Дажынак». Пасля гэтага Малышку з міліцыі адпусцілі, але папярэдзілі, што будуць уважліва чытаць яе артыкулы.
У той жа дзень, 29 жніўня, у ганцавіцкую міліцыю запрашалі і іншага супрацоўніка выдання Сяргея Багрова. Праўда, там нагодай для візіту назвалі нейкі «сямейны канфлікт». Паколькі мужчына нічога не ведаў пра «канфлікт», у РАУС ён паехаў разам з жонкай, каб разам даведацца хто з іх «скандаліст». У аддзяленні міліцыі апынулася, што прысутнасць жонкі Багрова ўсе ж такі не патрэбная, а пытанні міліцыі былі пра працу Багрова ў рэдакцыі выдання ды на іншым месцы (ў якасці дыджэя).