Акцыя «Артыкул 411 — час безвыходнасці» працягваецца
Яе ладзіць экс-палітвязынка з Берасця
411 артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») стаў сімвалам бесчалавечнай сістэмы: палітвязня можна зноў і зноў судзіць, дадаючы новы тэрмін, не выпускаючы за браму калоніі. Па дадзеных праваабаронцаў, з 2020 года беларускі рэжым ужыў гэты артыкул у дачыненні да прынамсі 83 рэпрэсаваных, з іх у турмах і калоніях цяпер застаюцца 43 чалавек.
Сама Паліна Шарэнда-Панасюк стала адной з ахвяр гэтага артыкулу. Турэмны тэрмін грамадскай актывісткі і маці дваіх дзяцей з двух гадоў быў павялічаны да пяці гадоў. З іх 270 дзён жанчына правяла ў ШІЗА і карцарах. Артыкул 411 быў прыменены да Паліны тройчы. Таму сёлета яна распачала акцыю «Артыкул 411 — час безвыходнасці», каб сабраць сведчанні ўсіх, хто пацярпеў ад гэтага артыкула, і прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да неабходнасці яго скасавання.
Дзякуючы намаганням Паліны і падтрымцы неабыякавых людзей, першыя вынікі ўжо ёсць. Так, працоўная група ААН па адвольных затрыманнях у сваім рашэнні паказала, што Паліна была пазбаўленая волі за рэалізацыю сваіх правоў. Гэта прызнанне з'яўляецца важным прэцэдэнтам, які дае надзею на тое, што справядлівасць пераможа. За час акцыі, якая доўжыцца 3 месяцы, былі сабраны і прааналізаваны аналітычныя матэрыялы, у тым ліку ў супрацоўніцтве з праваабарончымі арганізацыямі сабрана і сістэматызавана інфармацыя пра практыку выкарыстання артыкула 411 КК РБ у палітычных рэпрэсіях. Сфармаваны актуальны спіс палітычных зняволеных, да якіх быў ужыты артыкул 411. Сёння ў ім налічваецца 43 чалавек. Нягледзячы на вызваленне трох, у тым ліку Мікіты Емяльянава, двое новых палітзняволеных дадаліся да гэтага спісу ў траўні. З дапамогай Belpol удалося ўсталяваць, як выглядаюць чацвёра чалавек з гэтага спісу, бо да гэтага моманту іх фотаздымкаў не было на сайтах праваабаронцаў. Падобная праца будзе працягвацца. Быў зроблены даклад у працоўнай групе экспертаў ААН. Паліна праводзіла акцыі, адна з іх акцыя салідарнасці з Вольгай Маёравай і Аленай Лазарчык была праведзена пад час сесіі ААН у сакавіку 2026 года, дзе прысутнічала прадстаўніца рэжыму Лукашэнкі.
На думку Паліны, акцыя «Артыкул 411 — час безвыходнасці» ўжо дала магутны імпульс для барацьбы з бесчалавечным артыкулам і наблізіла нас да той справядлівасці, пра якую мы марылі, размаўляючы пра сваю мову і сваю будучыню. Застаецца спадзявацца, што голас розуму і чалавечнасці будзе пачуты, а «час безвыходнасці» скончыцца перамогай права і свабоды.
Сутыкнуліся з парушэннем правоў? Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна