Іншыя артыкулы

У адной з берасцейскіх школ вучні прагулялі занятак — ім прызначылі платную «адрацоўку». Гэта ўвогуле законна?

Разабраліся з юрыстам
У сацсетках адна карыстальніца 3 красавіка 2026 апісала сітуацыю, якая напярэдадні здарылася ў адной са школ у Берасці. 12 вучняў прагулялі занятак інфарматыкі — іх бацькоў выклікалі ў школу, дзе абвясцілі што прагуляны ўрок дзецям прыйдзецца «адпрацаваць». Потым бацькам даслалі час, калі адбудзецца ўрок-адпрацоўка ды... патрабаванне пералічыць па 32 рублі з вучня «на ўмацаванне матэрыяльнай базы школы».
Людзі ў каментарах задаліся пытаннем, наколькі законна патрабаваць грошы за прагул дзіцём занятка.

Вось што па гэтым пытанні кажа наш юрыст:
Па-першае, варта памятаць пра арт.49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з ім гарантуецца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй адукацыі.

Па-другое, прапанаваная мэта банкаўскага пераводу «на умацаванне матбазы школы» ніяк не карэлюе з аплатай за «пропуск заняткаў» ці «адпрацоўкай пропуска».

Па-трэцяе. Наведванне школы рэгулюецца Кодэксам аб адукацыі. Калі звярнуць увагу на адказнасць за пропускі, то знаходім наступнае. У п.1.1. арт.118 указана, што падставай для прыцягнення навучэнцаў да дысцыплінарнай адказнасці з'яўляецца няяўка без уважлівай прычыны на вучэбныя заняткі. У артыкуле 119 прапісаны ўзрост з якога наступае гэтая адказнасць — 14 год; да 14 — могуць прымяняцца меры педагагічнага ўздзеяння, такія як размовы, абмеркаванне на педагагічным савеце і т.п. У артыкуле 120 прапісаны меры дысцыплінарнага спагнання, іх усяго тры: заўвага, вымова, адлічэнне. Нічога пра штрафы і перавод грошай на рахункі на «матбазу школы» не ўказана. А глава 15 гэтага кодэкса рэгламентуе прымяненне мер дысцыплінарнага спагнання, пры гэтым прапісаны тэрмін прыцягнення да адказнасці (не пазней аднаго месяца).

Далей. Разбярэм, хто можа праводзіць збор грошай для школы. Згодна з Пастановай Міністэрства адукацыі «Аб зацверджанні Палажэння аб папячыцельскім савеце ўстановы адукацыі», зборы сродкаў у школе могуць быць ад папячыцельскага савета (рады) школы. У гэтай пастанове маем, што прыцягванне грошавых сродкаў мае дабраахвотны характар, а рашэнні папячыцельскага савета маюць кансультатыўны і рэкамендацыйны характар. Дарэчы, згодна з п.5 Палажэння аб бацькоўскім камітэце ўстановы агульнага сярэдняй адукацыі, да кампетэнцыі бацькоўскага камітэта не могуць быць аднесены пытанні, які тычацца прыцягвання грашовых сродкаў для забяспячэння дзейнасці школы. Такім чынам, калі класны кіраўнік і настаўнік інфарматыкі не ўваходзяць у папячыцельскі савет, то яны не могуць прымаць рашэнні па збору грошай (а нават калі яны ў ім ёсць, то гэтае рашэнне яны не могуць зрабіць абавязковым).

І апошняе. Варта звярнуць увагу на адказнасць настаўнікаў. У дадзенай сітуацыі праступак школьнікаў мае меншыя наступствы, чым рэакцыя педагогаў. А дзеянні настаўнікаў могуць падлягаць адказнасці па Працоўным кодэксе (заўвага, вымова, звальненне) альбо па Крымінальным кодэксе (арт.426 «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў»).

Што рабіць бацькам?

  • Не плаціць. Гэта незаконна.
  • Паразмаўляць з настаўнікам, што гэта незаконна.
  • Звярнуцца да адміністрацыі школы.
  • Звярнуццца ў аддзел адукацыі.
  • Напісаць скаргу на дачу прававой ацэнкі ў пракуратуру.
  • Напісаць у Міністэрства адукацыі.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-04-08 18:45