Пра людзей

«Малодшы сын трошку здзічэў без мамы за 4 гады»

Паразмяўлялі з экс-палітвязынкай Палінай Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільнюсе. Крыніца фота: фэйсбук Андрэя Шарэнды
Знаходзячыся ў бяспецы, Паліна распавяла пра ўмовы ўтрымання ў калоніі, пра ціск і парушэнні правоў чалавека, з якімі яна сутыкнулася. Яе гісторыя — гэта не толькі асабісты досвед, але і адлюстраванне той сітуацыі, у якой апынуліся многія палітзняволеныя ў Беларусі.

Паліна, як ты сябе пачуваеш на волі?
— Фантастычна. Але яшчэ не магу паверыць, што гэтаму ўсяму канец. Псіхалагічна я яшчэ трошку там.

Адчуваеш, што трэба псіхатэрапія, што трэба з псіхолагам папрацаваць?
— Не, гэтага не трэба, не.

А як здароўе, як ты сябе пачуваеш? З падстраўнікавай як?
— Я проста цалкам хачу прайсці абследаванне, бо не было ніякай магчымасці цалкам абследавацца. Па здароўю ў мяне проста прайшліся катком, трымаючы мяне ва ўмовах катавання. Трэба проста праходзіць медычную рэабілітацыю.

Пасля апошняга суда, калі яны цябе пакаралі яшчэ годам, ты адчувала, што цябе вызваляць ужо пасля гэтага тэрміну, ці не было такой упэўненасці?
— Тут было разуменне такое, што маё вызваленне яно можа быць такім і такім, што яно залежыць менавіта звонкі.

Але калі цябе завезлі зноў у калонію пасля суда, ты адчула, што стаўленне палепшылася?
— Ну так, калі мяне завезлі ў калонію, то я зразумела, што ў іх на мяне нейкія планы, то ўжо ў дэкарацыі прыгожыя змясцілі, у ШІЗА не кідалі.

Пасылкі, перадачы ты магла ад мамы атрымліваць?
— Не, я толькі ў СІЗА атрымлівала.
Скажы, як цябе твае хлопчыкі цябе сустрэлі?
— Нармальненька, старэйшы яшчэ толькі вось едзе, а малодшы здзічэў трошку без мамы.

Заўвага рэдакцыі: на момант затрымання Паліны, старэйшаму сыну было 11 гадоў, малодшаму толькі 4 гады. Яны не бачылі маці 4 гады.
Паліна, ты адбыла поўнасцю тэрмін, яны «не скасцілі» табе тэрмін?
— Не-не-не. Адбыла 4 гады і адзін месяц з улікам СІЗА, дзе суткі ідуць за паўтара.

«У планах было зрабіць з мяне другога Пратасевіча»

Калі выпускалі, нейкае пажаданне гаварылі?
— Канешне, са мною ўсё гаварылі і гаварылі.

Што яны табе гаварылі?
— Думаю, што ў іх планах было зрабіць з мяне нешта накшталт другога Пратасевіча. Проста я не чакала ўсіх далейшых размоваў. Але і пасля выхаду працягвалі гэтыя гутаркі. Калі назваць рэчы сваімі імёнамі, я трошкі з імі пагулялася ў кошкі-мышкі. Зрабіла выгляд, што ўсё там, раскаялася, паабяцала, што буду выконваць нейкія там іхнія загады, паўсміхалася, разам з імі палаяла гэтых усіх лялькаводаў і ўцякла.
Паліна Шарэнда-Панасюк 10 лютага 2025 падчас прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе. Скрыншот трансляцыі Радыё Свабода
Паспелі паставіць цябе пад надзор?
— Так, яны мне два гады надзору прызначылі. У калоніі разыгралі спектакль пад назвай судовае паседжанне, суддзя пытае, што я планую рабіць пасля выхаду. Прыняць ванну, кажу.

Сказалі табе ісці працаваць?
— Так, безумоўна.

Як табе ўдалося ўцячы? Напэўна, яны ведалі, што захочаш пабачыцца з сям'ёю, таму мусілі моцна сачыць, каб не збегла.
— Проста ў мяне атрымалася напярэдадні локшыны навешаць ім на вушы, запэўніла, што 10-га [лютага] прыду на праверку. Яны ўсяму паверылі. Так бы мовіць, усыпіла іх пільнасць.

«У 2024 годзе не далі ніводнай таблеткі, нягледзячы на хваробу Жыльбера»

Калі няма пасылак, ці можна пражыць за іх харчаванне?
— Турэмнае харчаванне б'е па здароўю — гэта проста забіць свой страўнік. Адны вугляводы, чалавек пачынае пухнуць такой нездаровай паўнатой. Ні садавіны, ні гародніны, ні малочных прадуктаў. Пачынаюць сыпацца зубы, балець суставы, нішчыцца страўнік, падстраўнікавая, як у мяне.

Як было з медычнай дапамогай?
— У мяне сіндром Жыльбера, калі трэба перыядычна прапіваць лекі, а напрыклад, у 2024-м мне не далі ніводнай таблеткі. Адзінае, што мне далі, — гэта вітаміны. Калі чалавек мае нейкія захворванні, то чаканне медычнай дапамогі можа так задоўжыцца, што ўжо бывае позна, чалавек можа проста загнуцца. Напрыклад, у адной з асуджанай паўгады былі болі, ёй скармлівалі абязбольваючыя, а калі нарэшце трапіла да ўрача, то было позна: 4 стадыя раку. У зарэчанскай калоніі кожны год па 3-4-5 трупаў яны маюць. Але, як выказваюцца супрацоўнікі калоніі, ім труп чалавека спісаць лягчэй, чым службовай сабакі.
Крыніца фота: Наша Ніва
— У зарэчанскай калоніі працуюць супрацоўнікі і супрацоўніцы, хто з іх горшы?
— У прынцыпе аднолькава. Там ёсць частка мужчын падонкаў і частка жанчын таксама, проста натуральныя падонкі.

— У чым гэта праяўляецца?
— Гэта ва ўсім праяўляецца. Напрыклад, начальнік калоніі Курловіч — асоба такая двудушная. Будзе пасміхацца, пытаць, як здароўе, як дзеткі, а сам у гэты час пад рэбры ножычак засоўвае. Псіхічна неўраўнавешаная асоба, ненавідзіць адназначна жанчын, бо вельмі жорсткі да жанчын. Напрыклад, калі чалавек трапляе ў ШІЗА, то робіць невыноснымі ўмовы. Можна браць бялізну з доўгім рукавом, бо ўсе ведаюць пра халады ў ШІЗА, але ён дапоўніў гэтае распараджэнне сваім пунктам, што бялізна павінна быць толькі нашлейках. Значыць, прынесеную бялізну ў жанчыны забіраюць і яна застаецца ў той рвані, якую ёй выдаюць, апранаючы на голае цела. Пазабіраюць усе кашулі, усе шкарпэты. І людзі вымушаны дзень за днём сядзець каля батарэі ўвесь час. У Зарэччы ў нас была адмысловая, як мы называлі VIP-камера. Падлогі з пліткі, вакно высока пад столлю, не дастаць, застаўлена алюмініем з дырачкамі. То бок ні святла, ні паветра. А ў адной з цяплейшых камер ШІЗА, дзе была драўляная падлога і вокны, пасля рамонтападлога - халодная з пліткі, вокны закладзены нейкімі яшчэ савецкімі з кароўнікаў цаглінамі, і атрымаўся падвал без цяпла і святла. Ні стала, а нары з выступамі, на тых выступах і сядзелі, і елі. Выступы 2 драўляныя, абітыя жалезам, а калі 4 чалавекі, то двое павінны былі сядзець на гэтай халоднай плітцы, падклаўшы пад сябе абутак. І на такім рэжыме ты месяц, а то і болей.

— А да крымінальніц лепш адносіліся?
— Скажам так, што даруецца крымінальніцы, то не даруецца ніколі палітычнай.

— Ты на работу хадзіла?
— Прымусовую, незаконную працу нельга назваць працай, я нават грошай не хацела за такую працу, пра што ім казала. Але грошы кідалі на рахунак.

Пра іншых палітзняволеных

— Як там Алена Гнаук?
— Гнаук, нажаль, кепска. Калі вось я з'язджала адтуль, яе за некалькі дзён перад гэтым кінулі ў ШІЗА спачатку на 5 і на 15 дзён, і далі ёй паўгоду ПКТ. Для мяне гэта адназначна сігнал, што да яе зноў прыменяць 411 артыкул. Яна мне распавядала, што да яе зноў прыязджалі, прымушалі пісаць памілоўку, яна адмовілася, сказала, што пісаць не будзе, што яна не выйдзе, пакуль не будуць вызвалены ўсе палітвязні. Вельмі кепская сітуацыя ў Вольгі Маёравай. Чалавек там без нічога, ёй перакрылі дапамогу ад родных, пенсію, ёй перакрылі ўсё. Яна ходзіць, апранутая у тое рваньё, што выдалі, у дзіравых кадонных ботах. Праблема, што вельмі кепска са зрокам. На адно вока амаль што аслепла. Яе ў Рэчыцу вывозілі на даследаванне, ёй акуляры трэба, але...

На думку Паліны, палітвязні апынуліся ў такой сітуацыі, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Ад гэтага прыкра на душы. І трэба грукацца ва ўсе дзверы, рабіць немагчымае, каб як найхутчэй людзі выйшлі на волю з гэтых катавалень.
Made on
Tilda