Навіны

Паліну Шарэнду-Панасюк этапавалі з СІЗА №3 Гомеля

Папярэдне, ў зарэчанскую калонію
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
Як паведаміў берасцейскай «Вясне» Андрэй Шарэнда, 22 снежня вечарам стала вядома, што яго жонка Паліна Шарэнда-Панасюк ужо этапавана з гомельскага СІЗА для адбыцця пакарання. Перад гэтым у СІЗА прыехала яе маці, якой было дазволена кароткатэрміновае спатканне, але яно, на жаль, не адбылося. Куды этапавана — пакуль невядома, кажа муж Паліны.

Але, па словах Андрэя, меркавана, гэта зноў будзе калонія №24 Зарэчча.

Паводле Андрэя Шарэнды, гэта значыць толькі адно, што для Паліны пачаўся чарговы год сурка, гэта ўжо чацвёрты год яе зняволення. Паліна і Каляды, і Новы год сустрэне ў калоніі №24 Зарэчча, якая вядома сваімі вельмі жорсткімі ўмовамі, дзе вельмі кепска ставяцца да палітзняволеных. Першыя два тыдні Паліна правядзе ў каранціне. Гэта значыць, што не зможа выходзіць на тэрыторыю, а таксама адпраўляць лісты да родных. І гэта значыць, даведацца, дзе яна знаходзіцца дакладна, таксама не будзе магчымасці. Толькі дзесьці пасля Новага году стане вядома, дзе знаходзіцца Паліна.

Нагадаем, што Паліну Шарэнда-Панасюк у 2021 годзе асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за тое, што падчас вобшуку ў яе кватэры яна плюнула ў твар аднаму міліцыянту, з іншага сарвала маску, нібыта абражала іх ды Лукашэнку. Але ў калоніі дадалі яшчэ год нібы за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі. У 2023 годзе паўторна завялі справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі і працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на год.

Праваабарончая супольнасць Беларусі лічыць Паліну палітзняволенай.
Made on
Tilda