Навіны

Як людзі з залежнасцямі «сядзяць» у івацэвіцкім ЛПП №8

«Нагадвае турму»
ЛПП у Магілёве. Ілюстрацыйны здымак
Як паведамілі родныя некаторых трапіўшых у івацэвіцкі лячэбна-працоўны прафілакторый, умовы ўтрымання залежных ад алкаголю ці наркотыкаў проста жахлівыя ў момант каранціну, і ніяк не адпавядаюць назве ўстановы. Такога стаўлення нават родныя, якім цяжка было з хворымі сямейнікамі дома, не могуць зразумець і кажуць, што ўмовы знаходжання проста канцлагерныя. «Каранцін» — гэта перыяд, калі чалавек толькі-толькі трапляе ва ўстанову. Два тыдні новапрыбылыя знаходзяцца ў бараку, дзе на 5 ложкаў прыходзіцца ад 10 да 15 чалавек. У памяшканні холадна, памыцца немагчыма, а ў нарказалежных — ломка, ірвоты. Кормяць у асноўным ў сухамятку. То-бок аслабленыя арганізмы ў стрэсавай сітуацыі апынаюцца ў памежным стане, што можа прывесці нават да гібелі чалавека. Медычная дапамога не аказваецца і наогул лечаць за ўвесь працяглы курс толькі працатэрапіяй.

Пасля каранціну пераводзяць у іншы блок, дзе ўмовы лепшыя, бо пацыенты павінны працаваць штодзень. Але і там хапае ўсяго, дзеляцца родныя. Праца пацыентаў ЛПП на дрэваапрацоўчым камбінаце, якое на мяжы банкруцтва, можна сказаць бясплатная. Сталых работнікаў прадпрыемства скарачаюць, а на іх месцы — пацыенты працоўна-лячэбнага прафілакторыя.

Такім чынам улады робяць намаганні з дапамогай рабскай працы ўтрымаць на плаву адно з буйнейшых прадпрыемстваў горада, кажуць родныя.

Нагадаем, што ЛПП №8 у Івацэвічах з'явіўся ў 2024 г. на базе папраўчай калоніі №5. Вынік быў бы іншы, каб гэтая ўстанова ўваходзіла ў сістэму аховы здароўя, упэўнены родныя, а так знаходжанне ЛПП у сістэме ўнутраных спраў нагадвае турму з усімі звычкамі, распарадкамі і мерамі ўтрымання. Родныя сумняюцца, што такія ўмовы паспрыяюць пазбаўленню ад дрэнных звычак, толькі дадуць адпачынак для блізкіх на час закрыцця ў ЛПП.
Made on
Tilda