Навіны

Над затрыманым з-за чату «ГОБК» берасцейцам прайшло ўжо як мінімум 2 суды

Прызначылі штраф, арышт, канфіскавалі тэлефон

Дзмітрый Сцяпанаў

Як стала вядома берасцейскай «Вясне», Дзмітрыя Сцяпанава з канца кастрычніка-2022 ўжо не менш за 2 разы асудзілі па ч.2 арт.19.11 КоАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Першы суд адбыўся 31 кастрычніка за адзін рэпост у траўні 2022 года з тэлеграм-каналу «Чай з малiнавым варэннем» у тэлеграм-чат «ГОБК». Суддзя Дзмітрый Шурын за гэтае прызначыў штраф памерам 10 базавых велічынь (320 рублёў) ды канфіскацыю тэлефону.

Наступны суд прайшоў 4 лістапада. Ізноў па пратаколе па ч.2 арт.19.11 КоАП. Ізноў Сцяпанаву прад'яўлялі рэпост у тэлеграм-чат «ГОБК» — гэтым разам за паведамленне ў сакавіку 2022 з лагатыпам «Хартыі 97». За гэтае той жа суддзя Шурын прызначыў ужо 7 содняў арышту.

Магчыма, упершыню Сцяпанава затрымалі 26.10.2022: менавіта гэтая дата ў пастановах суду фігуруе як дата, у якую ГУБАЗіК «знайшоў» гэтыя рэпосты, ды згодна з пастановамі да гэтай даты Сцяпанаў нібыта «захоўваў з мэтай распаўсюду» вышэйузгаданыя рэпосты.

Дзе цяпер знаходзіцца Сцяпанаў, берасцейскай «Вясне» невядома. Меркавана, ён стаў фігурантам крымінальнай справы па артыкулу 361-1 (Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні): аб гэтым можа гаварыць паведамленне ва праўладным канале, што Сцяпанава лічаць адміністратарам тэлеграм-чату «ГОБК», а чат нібыта «з'яўляўся структурным падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання "dzechat"».
Made on
Tilda