Шмат беларусаў у 2020 і ўсе гэтыя гады арыштоўваліся рэжымам і трапілі за краты па крымінальных артыкулах на доўгія гады. Не за забойствы, крадзяжы ў буйным памеры, рабаванне і іншыя цяжкія злачынствы, а за каментар у інтэрнэце супраць улады, лайк або выказванне (то-бок за тое, за што нават не варта адміністрацыйнага артыкула). Рэжым зрабіў недатыкальным нават ад выказванняў, якія заслужыў, Лукашэнку і яго васалаў рознага рангу. Гэта ёсць парушэнне права чалавека на публічнае выказванне сваёй думкі наконт тых, каго нібы наняў на тую ці іншую пасаду і каму плаціць заробкі.
Як жывуць дзеці без бацькі ці маці, асуджаных па палітычных матывах? Як іх выцягвае сама маці ці бацька, якія мусяць не толькі выхоўваць дзяцей, займацца хатнімі справамі, але ж павінны хадзіць на працу ці нават дзве, каб зарабіць на ўтрыманне сям'і, на ззяты шчэ ў добрыя часы крэдыт на дом ці кватэру, на аплату паслуг ЖКГ і г.д.
Апішам прыклад адной жанчыны, муж якой пасаджаны за краты на доўгія гады за некалькі каментароў. Як нам стала вядома ад сяброў жанчыны, ратуюць яе бацькі мужа, якія пенсіянеры ды дзеляцца невялікімі сваімі пенсіямі. У маладой жанчыны, якая гадуе дваіх дзяцей, няма бацькоў, яна іх страціла рана. На працы заробак толькі ў летні перыяд 1 200 рублёў, а ў астатнія месяцы да 1000 не дацягвае. Калі заплаціць за крэдыт і жыллёва-камунальныя паслугі, за тэлефон і інтэрнэт, то на руках летам застаецца 600 рублёў, а з гэтых 600 яшчэ 500 трэба на астатняе адзенне школьніку і аплата дзіцячага садка. Таму дзіцёнку-школьніку ў адным месяцы купляе загадзя канцэлярскія прыналежнасці, а ў наступным ужо адзенне самае неабходнае, а дакупляе астатняе ў наступным месяцы. Спартыўная форма — майка, штаны, кеды. Школьная форма — 2 штаноў, туфлі, кашуля, пола, пінжак. Усё не самае дарагое. Добра, што другі дзіцёнак ходзіць у сад. Але ж за садок штомесяц плаціць 40 рублёў. Таксама здаюцца грошы на санітарна-гігіенічныя сродкі, на рамонты школы,садка. І вось у жніўні засталося 100 рублёў, а трэба дажыць да 15 верасня. Надзея толькі на бацькоў мужа. А дзяржава ў той жа час робіць выгляд, што перажывае за дзяцей — будучыню гэтай дзяржавы.