Навіны

Чым улады займаюць розум маладога пакалення Бярозаўшчыны

«ПатриотДвиж», 26.02.2026, Бяроза. Арыгінал фота: аддзел адукацыі Бярозаўскага райвыканкаму. Тут і далей мы ўнеслі змены: размылі твары непаўналетніх
На старонках бярозаўскай раённай газеты «Маяк» (і іншых дзяржаўных рэсурсаў) шмат увагі надаецца выхаванню моладзі.

Так, асвятляюцца розныя мерапрыемствы ў накірунку «патрыятычнага» выхавання. Напрыклад, 26 лютага 2026 у СШ №1 г. Бярозы адбыўся другі этап спаборніцтваў сярод ваенна-патрыятычных клубаў раёна «ПатриотДвиж». Удзельнічалі дзеці з трох ваенна-патрыятычных клубаў ды аднаго ваенна-патрыятычнага класа.
«ПатриотДвиж», 26.02.2026, Бяроза / аддзел адукацыі Бярозаўскага райвыканкаму
Не прайшло і некалькі дзён, як новае паведамленне: пра раённы этап рэспубліканскага конкурса «Я патрыёт сваёй краіны». Дзе напісана, што за права прыняць удзел у культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі «Цягнік Памяці» змагаліся 6 дзесяцікласнікаў з устаноў адукацыі Бярозаўшчыны. У рамках гэтага праекта старшакласнікі падарожнічаюць на цягніку па гарадах Беларусі і Расіі. 2 з 6 удзельнікаў конкурсу былі ў мілітарызаванай форме (яны займаюцца ўсё ў тых жа ваенна-патрыятычных клубах).
Удзельніцы конкурсу «Патрыёт сваёй краіны» з Бярозаўскім раёне. Выкарастаны фота bereza.by
А яшчэ на тым жа тыдні з'явілася навіна пра тое, што ў СШ №3 г. Белаазёрска пяты год дзейнічае «раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні». Яго стваральніца і кіраўніца — настаўніца ангельскай мовы Святлана Чаховіч, бліжэйшая памочніца — настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Радзівонава. Фармальна цэнтр існуе з 2021 года. Фактычна гісторыя, распавялі стваральніцы гуртка, пачалася яшчэ ў 2003-м пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай Праваслаўнай Царквой. З таго моманту духоўна-маральная праграма стала сістэмна ўкараняцца ў школу.
Спачатку быў толькі «метадычны куток» ў кабінеце ангельскай мовы, затым — кабінет «духоўнасці», створаны пры ўдзеле святара. Паступова праект атрымаў статус «раённы рэсурсны цэнтр».
Цэнтр не абмяжоўваецца гутаркамі. Ён каардынуе метадычную работу, дзеліцца досведам з іншымі раёнамі.

На першы погляд, ну што тут такога? Нічога дрэннага ў патрыятычна-царкоўным выхаванні. Але ж і нічога добрага. Чаму патрыятызм абавязкова праз вайсковую форму і зброю, пачынаючы з садка, спекулюючы на матывах Другой сусветнай вайны, якая ў Беларусі называецца чамусьці толькі Вялікай Айчыннай. Ну а матывы РПЦ (расійскага праваслаўнага Патрыярхата), якому падпарадкоўваецца БПЦ, усім вядомыя: гэта прапаведнікі фашысцкай Расіі, якія ўхвалілі вераломны напад на суседнюю Украіну і благаслаўляюць расійцаў на забойства ўкраінцаў, прапагандуючы, што смерць воінства — гэта богаўгодная справа.
Нічога добрага не прынясе беларускім дзецям такое выхаванне. Выхаванне ў мілітарысцкім духу з воклічам «З намі Бог» прывядзе да новага гітлерюгенда з усімі адсюль выцякаючымі.

Як адзначыў падпалкоўнік у адстаўцы Юрый Тараненка, звяртаючыся да маладога пакалення ў сярэдзіне лютага праз старонкі бярозаўскай раёнкі: «Галоўнае — любіце Радзіму, паспрабуйце разабрацца ў геапалітыцы і шмат чытайце. Здзіўляюся, чаму цяпер мала хто гэтым цікавіцца? Бо таму і адбываюцца ўсе сучасныя канфлікты. [..] Каб заваяваць краіну, не трэба ў яе ўваходзіць — дастаткова заняць розумы моладзі. Забудзецеся сваю гісторыю — вамі будуць кіраваць». Праўда, былы вайсковец адначасова верыць: «Добра, што наш Прэзідэнт у 2020 годзе своечасова ўсё прадухіліў, інакш была б трагедыя. Не вядзіцеся на заходнюю прапаганду».
Made on
Tilda