Навіны

Бярозаўская міліцыя не спыняе палітычны пераслед

І шукае людзей... праз аб'явы ў Інстаграме

Калаж з выкарыстаннем выяваў з інстаграм-акаўнту адзелу крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУС

У Бярозаўскім міліцэйскім інстаграме вісяць 10 пошукавых аб'яў злачынцаў з Бярозы і Белаазёрску, адзін з Менску, якія звяртаюць на сябе ўвагу. Артыкулы Крымінальнага кодэксу розныя, а пасыл адзін: гэтыя людзі не пагадзіліся з украдзенымі на прэзідэнцкіх выбарах галасамі, з тэрорам і рэпрэсіямі лукашэнкаўскага рэжыму. Траіх шукаюць за абразу прадстаўнікоў улады, арт. 369. Гэта былую настаўніцу вышэйшай катэгорыі СШ №3 Белаазёрска Таццяну Брыч, выдатніцу па жыцці ва ўсіх адносінах. Спадарыня Таццяна нават не ведае, каго яна абразіла, яна выхаваны, інтэлігентны чалавек і абражаць не ў яе правілах. Ёй ніякіх дакументаў пра завядзенне крымінальнай справы не дасылалі, з ёю не спрабавалі нават звязацца, ёй нічога не паведамлялі, хаця яна не хавала, што жыве ў Варшаве. А адразу ў вышук. Паводле Таццяны, ёй вядома, што яна праходзіць нібыта па справе Зельцара. Па гэтаму ж артыкулу праходзіць 35-гадовы жыхар Бярозы Івар Ланге. Вызывае здзіўленне, што таксама за абразу прадстаўнікоў улады бярозаўская міліцыя шукае былога рэстаратара, жыхара Менску Вадзіма Пракоп'ева.

Белаазёрскага мінака 28 гадоў Ягора Міхнюка — за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці па арт. 341. Сапраўды ў 20-м, пінок нагою ў плот рынка быў, нанесена страты на 16 рублёў афіцыйна, па факту на 2 рублі. Судзілі адміністрацыйна. Пасля ўдзелу ў акцыях, за якія Міхнюка затрымлівалі і судзілі, міліцыя настаяла перад судом на перакваліфікацыі адміністрацыйнага артыкулу на крымінальны. Да гэтага часу Ягор ужо з'ехаў.

34-гадовага прыхільніка здаровага ладу жыцця, які займаўся бодзі-бідынлгам, таксама ўдзельніка ў акцыях Арцёма Мелеха з Белаазёрску затрымлівалі брутальна ў 21-м нібыта за распаўсюд наркотыкаў. Вазілі ў Менск, адпусцілі. Цяпер шукаюць па арт.328.
Максіма Гавалешку з Бярозы па арт. 295 — незаконныя дзеянні ў адносінах у адносінах да агнястэльнай зброі, баепрыпасаў і выбуховых сродкаў. А пачыналася з майкі бела-чырвонага колеру. Пры вобшуку ў доме невядома адкуль узяліся два патроны. Нібыта ўзялі на экспертызу. Вынікаў экспертызы Максім чакаць не стаў.

І чацвёра ўхілістаў ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу з Бярозы па арт. 435. ва ўзросце ад 24 да 30 гадоў. Гэта яўная перасцярога маладых людзей ад вайны ва Украіне.
Made on
Tilda