Навіны

Праваабаронца з Берасця ўзяў удзел у пражскім мерапрыемстве

З нагоды ўручэння Нобелеўскай прэміі міру Бяляцкаму. Там жа збіралі подпісы ў падтрымку Паліны Шарэнда-Панасюк

Другі злева: Уладзімір Вялічкін. Прага, 10 снежня 2022

7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскі камітэт абвясціў, што прэмію міру гэтага года атрымаюць трое: беларускі праваабаронца ды стваральнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял», украінскі «Центр грамадзянскіх свабод».

Два месяцы апасля, 10 снежня, адбывалася ўрачыстая цэрымонія ўзнагароджання лаўрэатаў у Осла (Нарвегія). Паколькі сам Бяляцкі з ліпеня 2021 года знаходзіцца за кратамі, прэмію замест яго паехала атрымліваць жонка Наталля Пінчук.

Ды у той жа дзень 10 снежня беларусы розных краін свету ладзілі сумесныя прагляды цэрымоніі ўручэння Нобеля, а потым бралі ўдзел у канферэнцыях і абмеркаваннях.

Уладзімір Вялічкін. Прага, 10 снежня 2022

Так, у Прагу паехаў Уладзімір Вялічкін, праваабаронца з Берасця, які таксама стаяў у вытокаў праваабарончага цэнтру «Вясна». У сталіцы Чэхіі адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам Вялічкіна, прадстаўнікоў «Мемарыялу» і «Цэнтру грамадзянскіх свабод». Таксама прысутнічалі міністр замежных спраў Чэхіі ды старшыня ніжняй палаты парламенту Чэшскай Рэспублікі.

Берасцейскі праваабаронца выступіў з прамовай па-беларуску, дзе падкрэсліў: Алесь Бяляцкі многа год свайго жыцця прысвяціў праваабароне. І тое, што ён цяпер за кратамі — плата, якую плаіць «Вясна» за прыхільнасць ідэалам дэмакратыі і свабоды. Але ж такую ж горкую плату — зняволяннем і здароўем — аддаюць цяпер тысячы беларусаў. І негледзячы ні на што, негледзячы на зняволянне сябраў і валантэраў «Вясны», негледзячы на вялізарныя тэрміны зняволення тым з іх каго паспелі ўжо асудзіць, «Вясна» жыве. Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае дакументаваць нечалавечыя ўмовы ўтрымання палітвязняў, аказваць дапамогу пераследуемым. А Нобельская прэмія старшыні «Вясны» Алесю Бяляцкаму, расійскім праваабаронцам з «Мемарыялу» ды ўкранскім праваабаронцам з «Цэнтру грамадзянскіх свабод» мусяць служыць напамінам уладам усяго свету: толькі з моцнай ды вольнай грамадзянскай супольнасцю магчымае існаванне паспяховай ды ўстойлівай дэмакратыі.

Подпіс у падтрымку Паліны Шарэнда-Панасюк

Таксама на мерапрыемстве чэшскія актывісты збіралі подпісы ў падтрымку берасцейскай палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Адзначым, што у Чэхіі цяпер ідзе цэлая кампанія ў падтрымку Паліны: пра жанчыну пішуць буйныя чэшскія сайты, а чэшскія тэатры ставілі сцэнкі на падставе прамовы палітзняволенай на судзе.

Чытайце таксама:

Украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» у асобе Наталлі Яшчук на мерапрыемстве звярнулася да беларускіх калег-праваабаронцаў з запытам дапамагчы ў пошуках узятых расіянамі ў палон украінскіх цывільных і вайсковых. Жанчына адзначыла: кожнае злачынства мусіць быць пакарана, бо непакаране зло прыводзіць да яшчэ большых пакут.
Made on
Tilda