Навіны

Урок роднай мовы з Алесем Бяляцкім

Алесь Бяляцкі злева. 31.05.2026, Варшава. Тут і далей фота Берасцейскай Вясны
На мінулых выходных на занятках беларускай мовы ў Вячаслава Барка, у касцёле Святога Аляксандра на Трох Крыжах, беларусы Варшавы сустрэлі Нобелеўскага лаўрэата міру, праваабаронцу і былога палітвязня Алеся Бяляцкага. Ён быў на ўроку роднай мовы ў ролі галоўнага спікера. Гутарка ішла пра нашу беларускую мову. Пра тое, што яе трэба берагчы, што б ні здарылася і з кім бы ні здарылася. Бяляцкі адзначыў: «Калі прыйдзе спрыяльны час, яна не проста выжыве — яна закрасуе, зазвініць на ўвесь свет». І прыкметы таму, на яго думку, ужо ёсць: беларусы, нават тыя, хто сёння гаворыць па-іншаму, хто не ведае роднага слова ці баіцца яго ўжываць, усё адно ставяцца да мовы з цеплынёй і павагай. Сапраўды, роднае слова — гэта Радзіма, гэта жаданне яе бараніць. Пакуль жыве беларуская мова – жыве наша Айчына, калі не зберажом сваёй мовы, знікне і Беларусь, стане прыдаткам прагнай да чужых зямель усходняй суседкі, якая не шкадуе ні сваіх, ні чужых. Як тут не ўспомніць запавет Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!», — напомніў прысутным Алесь Бяляцкі.

Затым арганізатар урока ксёндз Вячаслаў Барок прапанаваў Бяляцкаму напісаць два «сэрцавых» словы па-беларуску.

Бяляцкі вывеў «ложка» — так называлі лыжку на яго малой радзіме. І яшчэ адно, якое аказала яму добрую паслугу ў калоніі — гэта слова «утрапенне». Калі Алесь Бяляцкі быў хворы, і днём, седзячы на нарах, прыдрамаў, у дзверы раптам забухаў наглядальнік і абвінаваціў палітвязня ў тым, што ён спаў. Алесь не пагадзіўся з абвінавачваннем і ў тлумачальнай напісаў, што ён не спаў, а быў ва «утрапенні». Незнаёмае для ўсіх прысутных слова, але, кажа Нобелеўскі лаўрэат, гэта той стан, у якім мы цяпер, беларусы: нібы прачынаемся, трасемся, жывем на ўздыме.
Затым Барок запрасіў іншых да напісання значных для кожнага слоў. Колькі ж прыгажосці ў нашых любімых словах: летуценне, натхненне, майстроўня, каханне, акрыляць, акрыяць — ім няма ліку. А калі напісанне слоў суправаджалася цікавымі і смешнымі гісторыямі тых, хто пісаў, то гэта выклікала моцнае ажыўленне ў зале.

Усім прыйшоўся даспадобы такі ўрок роднай мовы. Потым беларусы падзяліліся сваімі меркаваннямі, для шмат каго было прыемна слухаць родную мову, размаўляць на ёй, а па прыгажосці — роўнай ёй няма. Канешне, не абышлося без шматлікіх пытанняў Алесю Бяляцкаму.

Рысу занятку падвёў знаны беларускі палітык Зянон Пазняк: «Калі коратка, гэты ўрок — выхаванне патрыятызму, я б так сказаў».

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda