Навіны

Фотафакт: экс-палітзняволеная Алена Гнаук атрымала карціну, зробленую ў яе гонар

Гэтай навіной падзялілася ў сацсетках аўтарка карціны Вольга Якубоўская.

Нагадаем: былая палітзняволеная з Пружаншчыны Алена Гнаук датэрмінова была вызваленая 13 снежня 2025. Яе адразу прымусова выслалі з краіны, як і яшчэ больш за сотню палітвязняў. Далей 68-гадовая Гнаук трапіла ў Еўразвяз.

З 2020 года Гнаук асудзілі ажно 4 разы па палітычных крымінальных справах. Першы раз па «карагоднай» справе (за мірную акцыю пратэста, якая адбылася 13 верасня 2020 у Берасці). Потым за «публічную абразу» Лукашэнкі (за тое, што падчас 1-га суду Гнаук назвала таго «не зусім псіхічна здаровым чалавекам»). Потым за пасты ў Facebook і Instagram, дзе Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі, яе адправілі ў калонію. Чацвёртай справай супраць Алены стала справа па арт.411 за нібы «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», тады тэрмін жанчыне працягнулі на яшчэ 1 год.
2026-01-17 10:25