Агучаны вырак былому супрацоўніку ворганаў
6, 8 і 9 лютага 2023 года ў Берасцейскім абласным судзе разглядалі крымінальную справу супраць Сумара Аляксандра Васільевіча. Пракурор Аляксандр Богуш, суддзя Вера Філонік. У першы ж судовы дзень пракурор прапанаваў закрыць судовае паседжанне — суддзя ахвотна падтрымала гэтую ідэю.
Пра Аляксандра Сумара вядома, што у 2006 годзе ён працаваў у лунінецкім РАУСе ў якасці эксперта-крыміналіста. У апошнія гады жыў у Маскве (Расея). Затрыманы 27 ліпеня 2022 году і з таго дня ў няволі, да суду ўтрымліваўся пад вартай.
Чытайце таксама:
Чытайце таксама:
Асноўнай прычынай вялікай крымінальнай супраць Сумара стала тое, што яго лічаць адміністратарам тэлеграм-чату «Жыве Лунінец!» Калі Аляксандр быў ужо 4 месяцы за кратамі, 24.11.2022 МУС прызнала гэты чат «экстрэмісцкім фармаваннем» — таму сярод прад'яўленых Аляксандру артыкулаў было «кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем» (арт.361-1 Крымінальнага кодэксу). Таксама яго вінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку па ч.2 арт.367, заахвочванні да дзеянняў якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт.342), абразе міліцыянта па арт.369, ч.3 арт. 361 КК (закліках да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
І, як стала вядома берасцейскай «Вясне», 9 лютага 2023 года Аляксандру Сумару агучылі прысуд. Яго прызналі вінаватым па ўсіх артыкулах, ды прызначылі: па арт.369 тры месяцы арышту, па ч.1 арт.342 паўтары гады зняволення, па ч.2 арт.367 два гады зняволення, па ч.1 арт.361-1 пяць год зняволення, па ч.3 арт.361 сем год зняволення. Сукупна па ўсіх артыкулах суддзя Філонік прызначыла 9 год калоніі ўзмоцненага рэжыму.