У Варшаве адбыўся паказ дакументальнага фільму «Смеласць»
24 верасня 2024 года ў Варшаве (Witryna Domu Wschodniego) прайшоў паказ фільма беларускага каінарэжысёра Аляксея Палуяна «Смеласць». Стужка прысвечана пратэстам у Беларусі ў 2020 годзе. У фільме адлюстраваны гераічныя і адначасова трагічныя падзеі тых дзён, калі людзі, пераадолеўшы абыякавасць і страх, выйшлі бараніць свой выбар, выйшлі супраць хлусні, выйшлі бараніць праўду. Падзеі рэвалюцыі 2020-га паказалі нараджэнне новых беларусаў, якія захацелі «людзьмі звацца».
Рэжысёр паказаў трагедыю краіны праз лёс акцёраў Беларускага вольнага тэатру ў Менску Марыны, Паўла і Дзяніса, якія выходзілі на акцыі, каб бараніць свабоду слова і падтрымаць доўгачаканыя змены. Сяброў тэатральнай трупы арыштавалі. Сілавыя структуры здрадзілі народу і прымянілі супраць тых, каго павінны былі абараняць, зброю, гвалт і забойствы. Кроў, смерць і насілле паставілі краіну на мяжу грамадзянскай вайны. Фільм было цяжка глядзець, асабліва тым у зале, хто перажыў на сабе рэпрэсіі ўзброеных бандытаў у пагонах.
Пасля прагляду ў Варшаве адбылося абмеркаванне кіналенты ў прысутнасці рэжысёра фільма.
Фільм падарожнічае па Еўропе. Яго глядзелі нават у Беларусі на закрытым паказе.
Фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» трапіў у лонг-ліст кінапрэміі «Оскар» у катэгорыі «Лепшы дакументальны фільм». Рэжысёр Аляксей Палуян стаў лаўрэатам 32-й Гесэнскай прэміі ў галіне кіно. Так была адзначаная яго стужка «Смеласць». Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 22 кастрычніка 2024 ў нямецкім Афенбаху.