Іншыя артыкулы

Зняволеныя жанчыны Берасцейшчыны (2020—2024 гады)

Пачынаючы з 2020 года рэзка ўзрасла колькасць зняволеных жанчын у Беларусі і ў прыватнасці на Берасцейшчыне. Шмат пакараных жанчын не былі да 2020 году ў канфлікце з законам. Чаму так адбылося? Адказвае праваабаронца:

Б.В. Увогуле можна выдзяляць з кантынгента, які трапляе ў калоніі, дзве катэгорыі жанчын: ва ўсе часы ў Беларусі асноўную частку калоніі складалі так званыя абавязаныя жанчыны, якіх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў і праз тое, што яны не працаўладкаваныя, дзяржава налічвае ім пазыку за тое, што гэта дзяржава гадуе дзяцей, а не бацькі, то назапашваецца пазыка, яны яе не могуць сплаціць, таму што на працу іх не бяруць, і з-за гэтага іх змяшчаюць у месцы зняволення. І такім чынам яны ўжо абавязаны працаваць. Асобнае пытанне, наколькі гэта гуманна ці не, але, на жаль, гэта вось так працуе. Па гэтых прычынах ў месцах зняволення вельмі шмат жанчын. Пасля 20-га году ў іх не было праблем з законам, але вось такім чынам з'явіліся. Але пасля 2020 года з'явіліся жанчыны, зняволеныя па палітычных матывах, якія ў 2020 годзе наўрад ці думалі, што менавіта па такіх прычынах трапяць за краты.

А.А. Звернемся да статыстыкі. Колькі жанчын у Берасцейскай вобласці знаходзяцца ці знаходзіліся за кратамі рэжыму з 2020 г. і па сённяшні дзень?

Б.В. Колькі знаходзяцца за кратамі сказаць, на жаль, нельга, таму што сама дзяржава не дае такую статыстыку. Можна абапірацца толькі на падлікі праваабаронцаў. І тут можна пабачыць, што па Берасцейскай вобласці ўвогуле было асуджана не менш за 150 жанчын да розных тэрмінаў. Але меншая частка з іх звязана з пазбаўленнем волі ці з хіміяй. Абсалютная большасць з гэтых жанчын асудзілі да так званай «хатняй» хіміі. Згодна з крэтэрыямі праваабаронцаў, гэта не адносіцца да пазбаўлення волі. То-бок, іх не кідаюць за краты, яны знаходзяцца дома, але мусяць быць працаўладкаваныя, ім абмяжоўваюць гадзіны выхаду з дому. Да «хатняй» хіміі асудзілі з 2020 года амаль сотню жанчын па Берасцейскай вобласці.

А.А. Якімі артыкуламі надзяляе праваахоўная сістэма Лукашэнкі нашых асуджаных настаўніц, урачоў, музыкантаў, інжынераў, юрыстаў, пенсіянеракі інш. катэгорый, якія па палітычных матывах апынуліся за кратамі?

Б.В. Амальтраціну так ці іначай асудзілі за ўдзел у пратэстах.Ім закідвалі артыкул «парушэнне грамадскага парадку», ці ёсць адзінкавыя выпадкі дзяўчын і жанчын, якіх судзілі за нібыта «масавыя беспарадкі» ў Берасці і Пінску (але гэта адзінкавыя), а ў асноўным па вобласці былі тыя, каго судзілі ў Берасці за карагодную акцыю пратэсту. У гэтым годзе пачынаюць судзіць за баранавіцкія пратэсты жніўня 2020 году. І раптам працягнулі судзіць за берасцейскія пратэсты жніўня 2020 году. У Берасці і Баранавічах судзяць жанчын і дзяўчат, якім у 2020 годзе не было яшчэ 18. Гэта ўласна за пратэсты, за тое, што людзі выходзілі на вуліцы.

Ёсць яшчэ ў прынцыпе такая купа артыкулаў, так званая «абраза прадстаўніка ўлады», абраза Лукашэнкі, «паклёп» на Лукашэнку, «паклёп» на нейкага чалавека. Гэтыя артыкулы дыфамацыйныя. То-бок, што людзі выказалі свае меркаванні, часам няхай і непрыемныя пра нейкага міліцыянта ці чалавека, які быў у выбарчай камісіі. Вось па такіх артыкулах судзілі амаль што ўсіх астатніх. За тое, што людзі нешта ў інтэрнэце напісалі, пра тое, што яны мяркуюць, што нехта фальсіфікаваў з выбарчай камісіі, то гэта вось рабілася ўжо паклёпам. І якая была логіка ў пракурораў і суддзяў: ну няма ж доказаў, што нейкія фальсіфікацыі адбыліся, значыцца, чалавек займаўся паклёпам. І вельмі шмат нават не за выказванне ўласнага меркавання, а за распаўсюд меркавання ўжо кімсьці агучанага, то-бок, за рэпосты, за нейкія нават класы ў «Аднакласніках». Людзі паставілі клас, гэта пачало адлюстроўвацца на іх старонках сацыяльных, і такім чынам за непрыемнае слова, нават калі яно было цэнзурнае, але напісана пра Лукашэнку, і пазней чалавека з-за гэтага судзяць па крымінальных артыкулах. Артыкулы вось такія: ад таго, што людзі выходзілі на вуліцы пратэставаць — да таго, што ў інтэрнэце было выказана ці проста нават распаўсюджана крытычнае меркаванне пра прадстаўнікоў улады.

А.А.Жанчыны, якія выйшлі з калоніяў, расказваюць аб жахлівых умовах утрымання. Гэта моцна б'е па здароўю. Жанчыны выходзяць фізічна і псіхалагічна траўмаванымі. Што не лепшым чынам адаб'ецца на генным узроўні, бо шмат маладых праходзяць праз гэтае пекла, і на сем'ях увогуле. Гэта рэжым разумее? І калі разумее, то чаму так робіць?

Б. В. Іх увогуле не хвалююць такія пытанні, таму што для іх галоўнае захаваць гэтую саму ўладу. Гэта ж не ў 2020 годзе пачалося, а нашмат раней. Гэта проста раней адбывалася з іншымі людзьмі, і яны ўжо прызвычаіліся, я мяркую, да таго, што адбываецца з здароўем зняволеных жанчын. Тыя, хто за гэта ўсё адказвае на вышэйшых узроўнях, ім проста нецікава, што адбываецца і як пакутуюць людзі. А тыя, хто да іх крыху бліжэй і ўласнымі рукамі нішчыць гэтае здароўе ці аддае загады, для іх гэта такая нармальнасць. Яна не мусіць такой быць, але ў іх вачах яна такою з'яўляецца. Надзеі на гэтых начальнікаў няма.
2024-06-15 16:43