Навіны

Рух салідарнасці «Разам» правёў сустрэчу

14 чэрвеня 2025 года ў Варшаве адбыўся сойм Руху салідарнасці «Разам», прысвечаны палітычнай сітуацыі, аб'яднанню беларускай дыяспары і падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі. Сярод удзельнікаў быў берасцеец Аляксандр Сахарук (вядомы па фота з выбараў 2020 года, калі ён на вуліцы на табурэтцы назіраў праз бінокль за выбарчым участкам у Берасці, бо яго не пускалі ўнутр выбарчага ўчастка нягледзячы на статус назіральніка).

На сустрэчы «Разам» з дакладамі «Аб палітычнай сітуацыі» выступілі Зміцер Лупач і Вячаслаў Сіўчык. У выніку абмеркавання дакладаў была прынята Заява, у каторай гучыць: «Ігнараванне міжнароднай супольнасцю лукашэнкаўскага тэрора супраць беларусаў можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны». Таксама быў прыняты зварот да кіраўніцтва Сейму Рэспублікі Польшча і кіраўнікоў фракцый Сейму Рэспублікі Польшча аб правядзенні пасяджэнняў па пытаннях рэпрэсій у дачыненні польскай меншасці ў Беларусі. Была створана рабочая група па ўсталяванню ў Варшаве мемарыяльнага знака памяці ахвяраў беларускага народа ад палітычнага тэрора.

Прагучала трывожная думка ад віцэ-маршалкі «Разам» Ірэны Бярнацкай, што беларусы замежжа адносяцца хваравіта да крытыкі, але крытыка павінна быць, бо без канструктыўнай крытыкі нам не ўдасца пабудаваць дэмакратычнае грамадства.

Раіса Зубарава з Руху за незалежнасць Рэспублікі Саха адзначыла, што тэма палітзняволеных, якая прагучала на Сойме — гэта агульная тэма як для нацыянальных рэспублік Расеі, так і для Беларусі як для акупаваных Расеяй тэрыторый. Яна лічыць, што і беларускія палітвязні, і палітвязні нацыянальных рэспублік Расеі, у тым ліку і Сахі, сядзяць у адной турме, толькі ў розных камерах.

Па меркаванню сябра «Разам» Зміцера Лупача, тое, што абмяркоўвалася і прымалася на сойме было карысна і набліжае той момант, калі беларусы замежжа змогуць вярнуцца дадому. Але паводле запрошанага на сустрэчу Анатоля Фёдарава, нічога новага ён не пачуў, а толькі ўбачыў, што ўсе мы топчамся на месцы.
2025-06-17 21:15