Юрыст тлумачыць, якія абмежаванні для экс-палітвязняў прыдумалі ўлады
Многія з палітычных, хто атрымаў вызваленне, не становяцца вольнымі. Яны трапляюць пад «апеку» органаў, іх правяраюць, прыходзяць нават уначы, выклікаюць на лекцыі ў міліцыю раз або нават два на тыдзень, дзе іх перавыхоўваюць. Свабодна перамяшчацца былы асуджаны таксама не можа, трэба папярэджваць так бы мовіць наглядчыкаў і перавыхавацеляў у пагонах. То-бок нязручнасцяў шмат, а воля надта абмежаваная. Людзі, якія адбылі тэрмін поўнасцю хочуць ведаць, якімі зконамі рэгулюецца іх няволя пасля адбыцця пакарання.
Мы звярнуліся да юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна» Леаніда Судаленка для тлумачэнняў, чаму і на якой аснове былыя палітвязні павінны «хадзіць строем»:
Суадносна Крымінальнага кодэкса (артыкул 45) асоба лічыцца асуджанай з даты ўступлення ў сілу судовага прыгавору да яго пагашэння. Тэрміны пагашэння судзімасці адрозніваюцца ў залежнасці ад катэгорый злачынстваў (артыкул 12 Крымінальнага кодэкса).
КАТЭГОРЫІ ЗЛАЧЫНСТВАЎ 1) Не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі — максімальнае пакаранне не звыш 2-х гадоў пазбаўлення волі; 2) менш цяжкія — максімальнае пакаранне не звыш 6-ці гадоў пазбаўлення волі; 3) цяжкія — максімальнае пакаранне не звыш 12-ці гадоў пазбаўлення волі; 4) асабліва цяжкія — максімальнае пакаранне звыш 12 гадоў, пажыццёвае пазбаўленне волі або смяротнае пакаранне.
ПАГАШЭННЕ СУДЗІМАСЦІ Пагашэнне судзімасці пасля адбыцця тэрміну пакарання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 97 Крымінальнага кодэкса: 1) за злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі — па заканчэнні аднаго года пасля адбыцця пакарання; 2) за менш цяжкае злачынства — па заканчэнні двух гадоў пасля адбыцця пакарання; 3) за цяжкае злачынства — па заканчэнні пяці гадоў пасля адбыцця пакарання; 4) за асабліва цяжкае злачынства — па заканчэнні васьмі гадоў пасля адбыцця пакарання;
Важна: пасля адбыцця пакарання, напрыклад, за цяжкае злачынства судзімасць будзе пагашана толькі па заканчэнні яшчэ 5 гадоў! І для тых, хто здзейсніў (па меркаванню ўладаў) цяжкае альбо асабліва цяжкае злачынства, да пагашэння судзімасці чалавек абавязаны (згодна з часткай 3 артыкула 196 Крымінальна-выканаўчага кодэкса): папярэдне апавяшчаць міліцыю аб змене месца жыхарства, аб выездзе па асабістых справах у іншую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц, з'яўляцца па выкліку і даваць тлумачэнні адносна сваіх паводзін і ладу жыцця, для ўдзелу ў прафілактычных мерапрыемствах. Напрыклад, выйшаўшы ў 2024 годзе за цяжкае злачынства па адбыцці тэрміну пакарання палітвязень да 2029 года мусіць папярэджваць міліцыю пра пераезд у іншае месца жыхарства (і падвяргацца іншым пералічаным абавязкам). Для асуджаных за менш цяжкія злачынствы, ці злачынствы якія не прадстаўляюць вялікай грамадскай небяспекі, гэтых абмежаванняў заканадаўствам не прадугледжана.
Аднак у дачыненні да былых палітвязняў гэта яшчэ не ўсё, бо іх асабістыя звесткі пасля 2020 года заносяцца ў рэспубліканскі «спіс экстрэмістаў». Тым, каго дадалі ў гэты «пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», забараняецца: займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), выдавецкая дзейнасць, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу. Іх фінансавыя аперацыі (здзелкі са сродкамі незалежна ад формы і спосабу іх ажыццяўлення) падлягаюць асабліваму кантролю.
Падстава: Закон Аб супрацьдзеянні экстрэмізму, па якім органы міліцыі за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці ўключаюць асуджаных пасля ўступлення прысудаў у сілу ў пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці (Артыкул 18 Закона). Згодна з дадзенай нормай Закона падставай для выключэння з гэтага пераліку з'яўляецца заканчэнне 5 гадоў з дня пагашэння судзімасці.
Такім чынам, для выйшаўшага ў 2024 годзе палітвязня (не важна з якой цяжкасцю злачынствам) да пагашэння судзімасці, а таксама яшчэ 5 гадоў з дня яе пагашэння дзейнічае спіс забароненых дзеянняў згодна з артыкулам 18 Закона Аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Калі ў такога палітвязня, да прыкладу, было «цяжкае злачынства» — тады гэтыя абмежаванні будуць дзейнічаць 10 гадоў (да 2034 года).