Навіны

Пінскі гарвыканкам не разгледзеў па сутнасці скаргу на падкантрольнае яму медыя

Зварот быў накіраваны ў пінскі гарвыканкам наконт публікацыі, якая з'явілася ў сацсетках «ТРК Пінск» пасля інцыдэнта ў адным з пінскіх аўтобусаў.

Нагадаем, 14.07.2026 кандуктарка аўтобуса правярала пасведчанне чалавека з інваліднасцю. Дакумент, які мусіў пацвярджаць права на бясплатны праезд, быў амаль нечытальны. Сведка канфлікта аплаціла праезд чалавеку з інваліднасцю, але кандуктарка працягвала трымаць у руках яго пасведчанне — і выганяла з аўтобуса, нягледзячы на ўжо наяўнасць квітка.

Так здарэнне апісала ў сацсетках жанчына, якая бачыла канфлікт на свае вочы і аплаціла талончык чалавеку.

А медыя «ТРК Пінск», падкантрольнае пінскаму гарвыканкаму, адрэагавала вельмі эмацыйным матэрыялам. Медыя абараняла кандуктарку ды абвінаваціла ту самую сведку ў спробе «хайпаваць» й «істэрыцы».

Неўзабаве з'явілася скарга на гэткую публікацыю «ТРК Пінск» у выканкам. У звароце адзначалася, што матэрыял шматлікія чытачы ацэньваюць як аднабаковы і неэтычны.

Таксама ў звароце прасілі правесці праверку на адпаведнасць заканадаўству аб сродках масавай інфармацыі, Закону «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Аўтары зварота прасілі забяспечыць выхад у тым жа медыя тлумачальнага матэрыяла з асвячэннем права людзей з інваліднасцю 1 ды 2 групы на бясплатны праезд.

Асобна падымалася пытанне, што трэба правесці тлумачальную работу з кандуктарамі аб межах іх паўнамоцтваў у пытанні праверкі дакументаў, што даюць права на ільготны праезд.

Але замест адказа, гарвыканкам проста перавёў зварот у статус «прынята да ўвагі». Як адзначыў на сайце з петыцыямі юрыст партала, гарвыканкам у дадзенай сітуацыі не меў права даць такі адказ згодна з Законам «Аб зваротах». Таксама юрыст адзначыў, што заяўнікі могуць далей абскардзіць адказ пінскага гарвыканкама ў абласны выканкам (а затым, пры патрэбе, ў суд).

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-07-31 23:16