Навіны

Міліцыя шукае экс-палітвязня з Берасця і яго маці

А таксама мужа з жонкай па «карагоднай справе» ды оперную спявачку
Оперная спявачка з Берасцейскага раёну Маргарыта Ляўчук апублікавала ў сацсетках фота, дзе яна вісіць на стэндзе «Вас шукае міліцыя». Сама Маргарыта ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой. Тым часам у Беларусі яе асудзілі па палітычнай справе завочна (ў яе адсутнасць).

Як звярнула ўвагу «Вясна», на тым жа стэндзе ў аддзяленні беларускай міліцыі вісяць фатаграфіі шчэ некалькіх чалавек, якіх шукаюць па палітычных крымінальных артыкулах. Гэта:
  • Ягор Пракапчук (былы палітвязень з Берасця, цалкам адбыў 4 гады калоніі за пратэсты жніўня-2020). Міліцыя пазначыла, што хлопец абвінавачваецца па арт.422 КК (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду), бо хлопец пасля вызвалення амаль адразу з'ехаў ха мяжу.
  • яго маці Святлана Пракапчук. Беларуская міліцыя пазначыла, што жанчыну абвінавачваюць па ч.1 арт.361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
  • муж з жонкай Андрэй і Паліна Ляшко. Гэтыя берасцейцы былі асуджаны да «хіміі» па «карагоднай справе» (то бок атрымалі абмежаванне волі з-за акцыі пратэсту, якая адбылася 13 верасня 2020 у Берасці). Іх асудзілі па крымінальных абвінавачаннях, хаця гэта была цалкам мірная акцыя пратэсту. Абодва, як гаворыць стэнд, «ухіляюцца ад адбывання пакарання»

Нагадаем, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачванні ў «экстрэмізме» для пераследу за іншадумства і крытыку. Апроч гэтага, ўлады нярэдка выкарыстоўваюць крымінальныя справы для экстэратарыяльных рэпрэсій — для пераследу сваіх грамадзян нават за яе межамі.
2025-12-03 18:54