Іншыя артыкулы

У Бярозе пачалі судзіць за пратэсты жніўня 2020 году. Па версіі ўладаў, пратэстоўцы парушылі закон

А як было насамрэч? Меркаванне сведкі падзей
Чалавек у мантыі суддзі Дзмітрый Кавалевіч Бярозаўскага раённага суда праславіўся яшчэ ў 2020-м беспадстаўным вынясеннем пакаранняў па адміністрацыйных артыкулах тым, хто выйшаў на мірныя пратэсты, не жадаючы больш цярпець абсалютна непрыкрытае нахабства ў фальсіфікацыях. У жніўні-верасні 2020-га адбываліся пераслед, вобшукі, затрыманні не толькі за ўдзел у акцыях, а за белыя аркушы ў акне, бел-чырвонае адзенне, нават за белую скрынку з-пад тэлевізара з чырвонай палоскай, якая стаяла ў чалавека на балконе. Суды ішлі штодзённа. Людзі ў чорных судзейскіх мантыях шчыравалі ў пакаранні сваіх землякоў, якія пажадалі людзьмі звацца. Хаця ў горадзе Бяроза і Белаазёрску не было нападу на міліцыянтаў, не было пагромаў, падпалаў і г.д. А што бел-чырвона-белы колер ў неадукаваных кантаралёраў у пагонах выклікаў шаленства, то народ пры чым?

Цяпер жа вырашылі, ці спушчана зверху, вярнуцца да старых падзей — новых жа няма — і караць ужо не штрафамі і суткамі, а гадамі зняволення. І вось напрыканцы жніўня 2024 года той самы Дзмітрый Кавалевіч пакараў першую чацвёрку з Бярозы, ўсім даў калонію. Тэрміны матываваны тым, што ўсе чацвёра «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў».

Як кажуць сведкі тых падзей, людзі заўсёды ішлі па пешаходных дарожках, значыць, перакрываць руху транспарту не маглі. Хаця забылася, перакрыццё руху транспарту вечарам 10 жніўня 2020 ўсё ж было насупраць крамы «Санта» у канцы Бярозы. Перакрыццё было пасля таго, як брутальна разагналі мірных людзей у цэнтры. Міліцыя перакрыла немаведама з чаго вуліцу ў канцы горада, не давала магчымасці людзям на сваіх аўто ехаць з працы, а ў дадзеным выпадку з крамы «Санта». Людзі бачылі, як мужчына выйшаў з пакупкамі з крамы, сеў у сваё аўто, выехаў на вуліцу, якую перакрылі людзі ў чорным з маскамі на тварах. Мужчына паспрабаваў праехаць, спадзяваўся, што прапусцяць. У выніку машынай нібы крыху зацапіў аднаго з іх, участковага Манцэвіча, спрабуючы выруліць, і тут пачалося. Шкло ў машыне паразбівалі дубінкамі, выцягнулі ні ў чым не віннага чалавека з машыны, моцна збілі, запіхнулі ў міліцэйскі УАЗ і звезлі. На другі дзень аўтамабіль яшчэ стаяў а ўзбочыне дарогі з разбітымі вокнамі і адкрытымі дзверкамі. Вось хто перакрываў дарогі ды «препятствовал движению транспортных средств, грубо нарушал общественный порядок».

Але прыйдзе час. Справы будуць перагледжаны, прыгаворы адменены. А месцы на лаўках падсудных зоймуць тыя, хто парушаў насамрэч законы, перавышаючы службовыя паўнамоцтвы.
2024-09-13 11:58