Навіны

Затрыманні ў Берасці ў сувязі з вайной [Адноўлена]

Злева: Віталь Шавяленкаў. Справа: Аляксандр Жак. Скрыншоты з "пакаяльных відэа"

Вайна ва Ўкраіне доўжыцца ўжо 49 дзён. Берасцейцы, як і іншыя беларусы, імкнуцца далучыцца да супраціўленчага руху ўнутры краіны ці за яе межамі. На жаль, ахвота дапамагчы суседзям часам сканчаецца візітам АМАПа.

Так, 5 красавіка 2022 стала вядома, што ў сувязі з жаданнем накіравацца ва Ўкраіну і ўступіць у абарончыя структуры, былі затрыманыя Віталь Шавяленкаў і Аляксандр Жак. У сацсетках з'явіліся так званыя "пакаянныя відэа" з абодвума хлопцамі.

«Шкада, прыйшло ў 20 годзе разуменне таго, што нацыя беларусаў — гэта нацыя баязліўцаў» (Шавяленкаў у вайбер-чаце)

Віталь выступаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці і меў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Збіраўся трапіць ва Ўкраіну праз Польшчу. У відэа дзяржтэлебачання яго вінавацяць у няправільным захоўванні агнявой зброі (але гэта чамусьці ілюструецца відэафрагментам з імаверна іншым чалавекам з непадобным голасам) і закліках да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на баку Ўкраіны.

«Я цяпер хачу быць украінцам. Тут і цяпер мне сорамна за тое, што я беларус» (Жак у тэлеграм-чаце)

Студэнт-праграміст Аляксандр у меркаванай перапісцы з украінкай апавядаў пра свае планы па далучэнню да абаронцаў. Ён звязваўся з украінскімі амбасадамі, каб даведацца, як дабрацца да краіны праз Польшчу і трапіць у тэрытарыяльную абарону, планаваў самастойна пешшу перасекчы мяжу з Украінай і звярнуцца ў ваенкамат. Хлопец вызвалены ад вайсковай павіннасці праз стан здароўя.

Upd 13.04.2022 15:45: па інфармацыі берасцейскай "Вясны", Віталь адсядзцеў трое содняў у ІЧУ пасля затрымання і быў вызвалены. Аляксандр, меркавана, таксама ўжо на волі.
2022-04-13 13:41