Былая палітзняволеная, з якой мы паразмаўлялі, лічыць, што праваабаронцы і апазіцыя за мяжой мала звяртаюць увагі на так званую «тэрарыстычную групоўку» Аўтуховіча. Таксама мяркуе, што Лукашэнка амерыканцам унёс у вушы, што гэта сапраўдныя тэрарысты, а яму такую страшылку паднеслі сілавікі.
Больш за тое, нядаўна адно незалежнае медыя пры расказе пра Віктара Рэцкага, кілера з беларускай арганізаванай злачыннай крымінальнай групоўкі, якога нарэшце злавілі і пасадзілі на 15 гадоў за некалькі забойстваў, суправаджаў відэасюжэтамі з суда так званай «групоўкі Аўтуховіча». Яны паказалі Мікалая Аўтуховіча і Любоў Рэзановіч у «стакане», паказвалі іншых у клетцы, пры гэтым распавядаючы пра сапраўднага злачынцу. Як разумець гэты факт? Можа, таму і не выпускаюць іх, акрамя Галіны Дзербыш — грамадзянкі Польшчы, якую польскае кіраўніцтва ўсё-ткі выцягнула. Але 9 чалавек усё яшчэ застаюцца за кратамі.
А тое, што там найбольш жорсткае абыходжанне з імі і мучацца яны — гэта факт. Асабліва пакутуюць гэтыя хворыя жанчыны-пенсіянеркі. Хаця тут яшчэ можа спрацаваць тое, што некаторыя з іх не пагодзяцца на высылку з Беларусі. Узяць хаця б Любоў Рэзановіч, якая мае групу інваліднасці, а дома застаўся старэйшы бездапаможны сын (мае інваліднасць), пакуль ўся астатняя сям'я ў турме. Глядзіць сына Любы пляменніца, але размаўляць па тэлефоне можа толькі сын, які нічога не разумее з гэтых размоў. Як яна можа выехаць, а хто выпусціць яе хворага сына?
Або хворая Вольга Маёрава, якой ніякай дапамогі не перадаюць. Снегура Віктара «шманаюць» па ўсёй Беларусі, перакідаюць з месца на месца, бясконца дабаўляючы яму тэрміны. Мікалай Аўтуховіч увесь час у адзіночцы, хто яго ведае, што з ім там робяць.
Паводле былой палітзняволенай, трэба ўсе намаганні прыкласці, каб выцягнуць гэтых людзей. Бо амаль усе з так званай «групоўкі» цяжкахворыя пенсіянеры, некаторыя з інваліднасцямі з вялізнымі тэрмінамі. Не будзем казаць ужо пра Уладзіміра Гундара, пенсіянера з інваліднасцю без нагі, які «збіраўся» разам з другімі такімі бедалагамі «захопліваць уладу ўзброеным чынам».