Навіны

На каго павесяць пашкоджанне чарговых так званых дзяржаўных сцягоў

У Бярозе ізноў вобшукі за пашкоджанне сцяга

Таццяна Тарасевіч

Вечарам 19 верасня 2022 года бярозаўскімі міліцыянтамі быў праведзены вобшук у пенсіянеркі з Бярозы, жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Таццяны Тарасевіч. Прычынай пракурорскага дазволу на вобшук сталі пашкоджаныя амаль у пачатку 2022 года чырвона-зялёныя дзяржаўныя сцягі ў Бярозе. У жанчыны забралі ноўтбук і мабільны тэлефон.

Трэба адзначыць, што падазраванымі ў пашкоджанні сцягоў сталі бярозаўскія і белаазёрскія ўдзельнікі акцый, у якіх правялі шматлікія вобшукі з праверкай ноўтбукаў і тэлефонаў. Але так званы злачынца не знойдзены да гэтага часу.

З пашкоджанымі ў 2021-м чырвона-зялёнымі сцягамі была аналагічная гісторыя. Тэрарызавалі актывістаў, пакуль не знайшлі, на каго павесіць гэты эпізод. Цяпер малады чалавек адбывае пакаранне.

Пакуль не знайшлося чарговай ахвяры, на якую можна будзе спіхнуць чарговае пашкоджанне сцягоў, узяліся за актыўную пенсіянерку. Ці проста гэта нагода, каб нахабна ўсунуць нос у яе прыватнае жыццё?
Made on
Tilda