Судовыя паседжанні

Мужа з жонкай з Драгічыншчыны асудзілі да велізарных тэрмінаў

Ім закідвалі дапамогу Ўкраіне
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра прысуд Капуза Вользе і Дзмітрыю. Гэта муж з жонкай з Драгічынскага раёну, яны жылі ля беларуска-ўкраінскай мяжы. У студзені 2024 года іх затрымалі. А ў снежні 2025 года вынеслі суворы прысуд: Дзмітрыю 24 гады калоніі, а Вользе 21 год. Апроч таго, ім далі буйныя штрафы.

Дакладная сутнасць абвінавачанняў невядомая, суд праходзіў у закрытым рэжыме. Але пасля затрымання Капуз дзяржаўная прапаганда выпускала сюжэт пра іх. Тады Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ён займаўся кантрабандай з Украіны, а яго жонка дапамагала (рабіла фота хованак). Па версіі прапагандыстаў, тое была не звычайная кантрабанда, а нібы выконванне заданняў украінскіх спецслужбаў.

На падставе гэтай гісторыі КДБ абвясціла Вольгу і Дзмітрыя «тэрарыстамі», і тады ж пазначыла, якія артыкулы закідваліся сужэнцам: арт.289 ды ч.4 арт.295 КК (Акт тэрарызму ды Незаконныя дзеянні са зброяй і выбуховымі рэчамі). Адзначым, што КДБ часцяком абвяшчае громкім словам «тэрарысты» там, дзе ніякіх сапраўдных прыкмет тэрарызму няма — затое ёсць палітычныя абвінавачванні.

Нагадаем, што затрыманне Капуз праходзіла жорстка: Дзмітрыю прастралілі нагу кадэбісты (гэта прызналі ў тым прапагандысцкім відэа), а яго роднага брата адразу пасля затрымання, пакуль той ляжаў на зямлі, білі па галаве (што было бачна ў тым жа відэасюжэце).
2026-01-13 20:01