21 жніўня 2026 года КДБ абнавіў «тэрарыстычны спіс». Туда дадалі 2 беларусаў. Сярод іх адзін звязаны з Берасцейскай вобласцю: гэта Максім Дзямчук з Пінска.
Пра Дзямчука вядома, што яго асудзілі па арт.293 КК (Масавыя беспарадкі). Менавіта па гэтым артыкуле асудзілі шмат пінчукоў за пратэсты 2020 года. Дакладны вырак Дзямчуку невядомы — але найверагодней, яго адправілі ў калонію. І менавіта гэты прысуд кадэбісты пазначылі як фармальную нагоду, чаму пінчука абвясцілі гучным словам «тэрарыст».
Нагадаем, што беларускія ўлады прыкрываюцца барацьбой з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам» для ажыццяўлення рэпрэсій.
Для палітвязняў са «спісу тэрарыстаў» дзейнічаюць дадатковыя абмежаванні: ім нельга папаўняць рахунак у СІЗА (гэта забаронена і грашовы перавод проста не прымуць). Па вызваленні людзі з «тэрарыстычнага спісу» таксама сутыкаюцца з абмежаваннямі (напрыклад, не могуць уладкавацца на працу, паколькі банкі адмаўляюцца адкрыць зарплатны рахунак).