Навіны

Кранальная паштоўка ад Паліны Шарэнды-Панасюк

Яе дзецям, якіх яна не бачыла ўжо тры гады
28 снежня 2023 сям'я Паліны нечакана атрымала ад яе віншавальную паштоўку са святамі і кароткім зваротам да сваіх сыноў, Славаміра і Стаха:
«Мае любыя Славамір і Стах! Гэта мама, якая гвалтоўна зьнікла з вашага жыцьця тры гады таму. Стала туманнаю плямаю, як піша хто-ніхто. Але вы ўвесь час перад маімі вачыма, па рэдкіх фота, якія прарываюцца да мяне праз усе перашкоды. Бачу, як вы выраслі. Кожны дзень гляджу на вашыя здымкі і мару ўбачыць увачавідку, абняць, прытуліць. Хлопцы! Я віншую тату і вас з Раством! Сустрэньце яго годна!

Добра адпачыць на вакацыях! Хрыстос нарадзіўся! Славім яго!

Мама, ХІІ. 2023»
Па словах мужа Паліны Андрэя Шарэнды, гэта першая вестачка ад Паліны за некалькі апошніх месяцаў, дасланая яшчэ з СІЗА №3 г. Гомеля.

Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была этапавана з гомельскага СІЗА 21 снежня. Куды дакладна – невядома. Але, па меркаванню Андрэя, хутчэй усяго ў жаночую калонію №24 Зарэчча. У самую жорсткую калонію ў Беларусі для жанчын-рэцыдывістак.
Made on
Tilda