Судовыя паседжанні

Берасце: судзілі за надпісы «Нет войне» і «Жыве Беларусь» пенсіянерку

Надпісы былі зроблены чырвоным фламастэрам на аўтобусным прыпынку
Надпіс, за які ўзбудзілі крымінальную справу. Крыніца: праўладны тэлеграм-канал
21 і 22 лютага 2023 года ў Маскоўскім суддзе Берасця разглядалася справа супраць 68-гадовай Коган Людмілы Мікалаеўны. Пенсіянерку вінавацілі па арт.341 (Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці) Крымінальнага кодэксу. У якасці суддзі была Інна Клышпач, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды.

Людмілу Мікалаеўну з 21 снежня 2022 года трымалі пад хатнім арыштам. Згодна з абвінавачваннем, жанчына на прыпынку грамадскага транспарта «Кавалёва» напісала чырвоным фламастэрам «Нет войне», «Жыве Беларусь». Гэткім чынам нібыта была нанесена матэрыяльная шкода дзяржаўнаму прадпрыемству, на балансе якога знаходзіцца прыпынак.

Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», Коган Людмілу Мікалаеўну прызналі вінаватай. У якасці пакарання суддзя Клышпач прызначыла ёй 1 год «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Пасля абвяшчэння прысуду з пенсіянеркі знялі хатні арышт.




Made on
Tilda