Навіны

Геалакацыя і правакацыя ў гомельскім СІЗА

Навіны пра Паліну Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: Радыё Свабода
31 ліпеня 2024 нарэшце стала вядома месцазнаходжанне палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Яна вярнулася ў гомельскае СІЗА-3. Калі яна там з'явілася, родным невядома. Але мяркуецца, што этап з «Навінак» ў ліпеньскую спякоту доўжыўся не менш тыдня, гаворыць муж Паліны Андрэй Шарэнда. Нагадаем, што актывістку з Берасця Паліну Шарэнда-Панасюк накіроўвалі ў «Навінкі» на судовую псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу (ўжо 4-ю такую экспертызу за час зняволення).

У гомельскім СІЗА з Палінай змог сустрэцца адвакат. Яна будзе некалькі месяцаў у гомельскім СІЗА, пакуль ідзе расследаванне чарговай (трэцяй!) крымінальнай справы па арт.411 за нібы злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.

Перадачы для Паліны па-ранейшаму блакуюцца (нягледзячы на хваробы жанчыны). Увесь час, пакуль яна ў СІЗА-3, ёй нейкі «дабрадзейца» перадае па 30 кілаграм — месячная норма — паўгнілых ці то яблык, ці то морквы. Родныя мяркуюць, што гэта непрыкрытая правакацыя.

Андрэй звяртаецца да людзей добрай волі з просьбай пісаць Паліне лісты альбо дасылаць паштоўкі. Ёй вельмі трэба маральная падтрымка сяброў і аднадумцаў.
Made on
Tilda