Навіны

Прэзентацыя «Турэмнага зборніка» у Варшаве

Прэзентацыя «Турэмнага зборніка» 8 траўня 2024. Тут і далей фота берасцейскай «Вясны»
8 траўня 2024 года ў Беларускай прасторы «Разам» Варшавы прайшла прэзентацыя «Турэмнага зборніка». У кнігу ўкладзеныя творы 52 палітвязняў, напісаныя ў 2020-2023 гадах. Некаторыя з аўтараў ужо на волі, але большасць яшчэ за кратамі. Вядучая прэзентацыі рэдактар зборніка, праваабаронца Алена Лапцёнак адзначыла, што з'яўленне зборніка — гэта важная і неабходная рэч, што думкі, пачуцці людзей у вязніцах, адлюстраваныя ў вершах, аповедах, казках выйшлі ў друкаваным выглядзе і пабачылі свет. Паводле Алены, мастацкія творы — гэта найлепшае, што можа сведчыць пра той патэнцыял, які ёсць у нашага народу, які нават у невыносных умовах стварае пазітыўныя вершы, казкі. І гэта не сведчанне пакут, а сведчанне перамогі дабра над злом.

Выступалі з прамовамі і чытаннем вершаў са зборніка пра знаёмых аўтараў-палітвязняў былыя палітвязні, каму ўдалося збегчы з дамашняй хіміі або тыя, хто з'ехаў з Беларусі па палітычных матывах. Па сувязі выступіла аўтарка прадмовы да выдання Святлана Курс. Яна сказала, што «творчасць беларускіх палітвязняў — гісторыя асвойвання траўматычнага досведу, неаднакроць блізкага да смяротнага, і гісторыя пераўтварэння гэтага досведу ў высокае, простае і светлае, што асабліва добра відно з цёмнага лёху». На вокладцы кнігі — малюнак мастака-нонканфарміста, перфомера Алеся Пушкіна, які памёр ў гарадзенскай турме.
Праваабаронца Алена Лапцёнак падчас прэзентацыі зборніку
Трэба адзначыць, што турэмныя творы зацікавілі шмат беларусаў Вавршавы. Не ўсім хапіла сядзячых месцаў, людзі 2 гадзіны стаялі на нагах. У канцы мерапрыемства прысутныя атрымалі «Турэмныя творы» у падарунак. Людзі не разышліся пасля 2 гадзін прэзентацыі. Яны яшчэ з гадзіну абмяркоўвалі пачутае і дзяліліся асабістым. Многія былі ўдзячны і аўтарам, і рэдактару, і Беларускай прасторы праз прадстаўленую магчымасць пачуць, пабачыць, падзяліцца і пачаставацца свежа завараным кубачкам кавы.
Made on
Tilda