Выстава «Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі» адкрылася ў Варшаве
10 снежня 2024 года ў Варшаве у Музеі вольнай Беларусі адбылося адкрыццё выставы твораў беларускіх палітвязняў «Пачуцці». Выстава арганізавана праваабарончым цэнтрам «Вясна». Выстаўлена больш за 100 малюнкаў, кажа куратар выставы, сябра Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў «Да волі» былы палітзняволены Арцём Задруцкі. Паводле Арцёма, гэта не прафесійныя працы мастакоў, гэта працы тых, хто адбывае турэмны тэрмін у невыносна цяжкіх умовах. І маляванне — гэта перадача на паперу эмоцый палітвязня родным, якія ён не можа перадаць у пісьме словамі. На выставе дзевяць работ Арцёма, ён не мастак, а гукарэжысёр. Не ўсе яго малюнкі дайшлі да родных (былі знішчаны цэнзурай).
Малюнкі палітвязняў розныя — гэта боль, крык адчаю; гэта ўспамін жыцця на волі; гэта той свет, якім чалавек жыве за кратамі. Гэта простыя алоўкавыя работы, але каштоўнасць і вартасць іх надта высокія, падзяліўся ўражаннямі ад выставы айцішнік з Берасця Алесь.
Наведаць выставу можна з 10 па 15 снежня 2024 г. у Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11, Warszawa).