Пра людзей

Ірына Прыгава — актывістка і валантэрка, якая дапамагала збіраць перадачы ў берасцейскае СІЗА

Ірына Прыгава. Фота з прыватнага архіву

Ірына Прыгава ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль два месяцы (з 10.03.2022). За гэты час яна атрымала вялікую колькасць падтрымкі: лісты ад мужа, дачкі і сяброў, грашовыя пераводы, перадачы — ды столькі, што хапае і тым, у каго рэчаў няшмат!

«Шкада сядзець асабліва ў цёплыя сонечныя дзенькі, таміцца» (з лістоў)

Разам з суседкамі Ірыне атрымалася ўладкаваць даволі сцерпны побыт: апавядае, што яны падтрымліваюць сябр сябра, робяць салаты кожны дзень, да таго ж увогуле ежа смачная (але раней было лепш). Шмат чытае, каб менш размаўляць, а навіны даведваецца ад новапрыбылых, бо па радыё нічога не чутна.

«Трымаемся годна, першы час было не вельмі, цяпер ужо лепш» (з лістоў)

Але, вядома, знаходжанне за кратамі нялёгкае. Некаторыя ў СІЗА ўжо даволі працяглы час, і гэта адбіваецца на маральным стане. З-за гэтага некаторы час адчуваўся прэсінг з боку сукамерніцы, але, на шчасце, сітуацыя выправілася ў лепшы бок. Нягледзячы на тое, што агулам настрой добры, такая вялікая скупнасць людзей у нязменным атачэнні — гэта цяжка, і часам Ірыне хочацца простай цішыні. Праз напругу і абставіны ёй цяжка засынаць без таблетак.

«У ІЧУ спраўна наведвалі мяне тыя гэтыя, спадзяваліся, што даб'юць мяне гэтыя здзекі...» (з лістоў)

Ірыну абвінавачваюць па арт.339 (Хуліганства) і арт.341 (Апаганьванне збудаванняў і шкода маёмасці) Крымінальнага Кодэкса. Па словах следчай, суд павінен распачацца ў траўні.

«Усё залежыць не ад адваката (выкінутыя немалыя грошы!), а ад волі і настрою суддзі і пракурора» (з лістоў)

Зняволеная штодзённа сумуе па родных. Надышлі цёплыя дні, а гэта значыць, што кожная падпісаная ад сэрца паштоўка ўпускае маленькі сонечны праменьчык у камеру ў гэтыя няпростыя часіны. А яшчэ Ірына выдатна валодае беларускай мовай, таму гэта цудоўная магчымасць папрактыкавацца ў яе выкарыстанні!

Напісаць можна па адрасе:

Прыгава Ірына Анатолеўна
вул. Савецкіх памежнікаў, 37
СІЗА–7
224030 г. Брэст
Made on
Tilda