12 лістапада 2023 беларусы Варшавы правялі акцыю памяці забітага тры гады таму Рамана Бандарэнкі. Людзі прыйшлі да помніка Каперніку ў цэнтры польскай сталіцы з бел-чырвона-белымі сцягамі, з партрэтамі палітвязняў і плакатам, на якім была выява Рамана Бандарэнкі. Інфармацыя пра Рамана на плакаце на беларускай і польскай мовах.
Было шмат выступоўцаў, якія дзяліліся ўспамінамі пра той дзень, калі памёр Раман Бандарэнка, збіты ў двары свайго дома 11 лістапада 2020. На наступны дзень ён памёр.
Успомнілі і іншых людзей, хто выступіў супраць улады і памёр: Генадзя Шутава з Берасця, Аляксандра Тарайкоўскага з Менску, Аляксандра Віхора з Гомеля.
Была выканана песня, прысвечаная Раману Бандарэнку. Зачытана тэма і мэта акцыі на трох мовах: беларускай, ангельскай і польскай. Жыхары і госці Варшавы, якія праходзілі побач, спыняліся, слухалі і фатаграфавалі галоўны плакат з выявай Рамана Бандарэнкі і саміх удзельнікаў акцыі.
Падтрымаць акцыю прыехала са Швейцарыі былая палітзняволеная Вольга Класкоўская.
Скончылася акцыя памяці агульным здымкам удзельнікаў і словамі Рамана: «Я выхожу», якія сталі слоганам усіх беларусаў.