Судовыя паседжанні

У Берасці другі раз судзілі экс-палітвязня

Што дакладна яму прад'яўлялі — невядома, суд ад самага пачатку зрабілі закрытым
Віталь Зарадзей
5 і 6 верасня 2023 года суд Берасцейскага раёну разглядаў крымінальную справу супраць 71-гадовага берасцейца Віталя Зарадзея. Гэта ўжо другая крымінальная справа супраць пенсіянера пасля 2020 году: першым разам яго асудзілі да 2 гадоў калоніі за скаргі, якія ён накіроўваў у суд (і дзе знайшлі «абразы суддзяў», «абразы Лукашэнкі»). Зарадзей цалкам адбыў тое пакаранне ды ў снежні 2022 выйшаў на волю. Гэтым разам мужчыне закідвалі ўжо тры крымінальных артыкула. Ролю суддзі выконвала Вольга Сухадольская.

Па другой справе Віталю прад'явілі наступныя артыкулы: арт.391 (абраза суддзі), ч.2 арт.368 (абраза Лукашэнкі, звязаная з абвінавачваннем у асабліва цяжкім злачынстве), ч.1 арт.377 (пашкоджанне дакументаў).

Але ў чым дакладна былі «злачынствы», невядома: ад самага пачатку суддзя закрыла судовы працэс.

Таксама невядома, дзе і ў якім стане знаходзіцца Віталь Зарадзей: перад пачаткам судовага працэсу ў судовую залю ён не заходзіў, у «клетцы» (дзе звычайна трымаюць тых, для каго прымяняюць меру стрымання ўтрыманне пад вартай) яго таксама не было. Магчыма, Віталь Зарадзей удзельнічаў у сваім другім суддзе праз інтэрнэт-відэасувязь.

Чым скончыўся суд, берасцейскай «Вясне» невядома. Калі Вы можаце паведаміць нешта пра гэты суд, звяжыцеся з намі.


Made on
Tilda