8 лютага 2026 года беларусы чарговы раз вышлі на акцыю ў цэнтр Варшавы ля помніка Каперніка. Тэма акцыі на гэты раз была больш шырокая, не толькі пра працяг рэпрэсій у Беларусі. Выступоўцы таксама гаварылі пра праблемы беларускіх людзей у побытавым плане, як адключэнне святла, змяншэнне падачы цяпла ў цепласеткі, значна павялічылася колькасць аварый на цепласетках. Апроч гэтага, выступоўцы не былі раўнадушнымі да злачынстваў расійскіх вайскоўцаў, якія ствараюць ва Украіне халадамор. Баліць ім душа і за іранцаў, якія пакуль не дачакаліся дапамогі Амерыкі.
«Нашы палітвязні — гэта незгасаючы боль беларусаў Варшавы», — гаворыць арганізатар акцыі, сябра беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў.
Лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык павіншаваў прысутных з днём нараджэння двух беларускіх герояў: Кастуся Каліноўскага (2 лютага) і Тадэвуша Касцюшкі (4 лютага). Паводле Сіўчыка, беларусы павінны ганарыцца такімі сваімі выбітнымі асобамі, браць з іх прыклад, асабліва ў цяперашняй цяжкай і небяспечнай сітуацыі.
Абмеркавалі на акцыі і той факт, што ў ноч з 4 на 5 лютага скончылася дамова СНУ-3 аб стрымліванні ядзернай зброі. І хаця апошнія тры гады Расія яе не надта прытрымлівалася, але ўсё ж хаця б стрымліваючы фактар быў. І сёння мы жывём у іншай рэчаіснасці, якая павялічвае пагрозы не толькі свету, але і Беларусі, таму што Беларусь — гэта краіна, куды Расія завезла тактычную ядзерную зброю. Ёсць вялікая небяспека як для Еўропы, так і для Беларусі. Пры тым што Беларусь пацярпела ад двух сусветных войнаў найбольш, і нам толькі не хапала ядзернай вайны, заўважыў Сіўчык. Але Беларусь можа спадзявацца толькі на сваіх людзей і гераічнае мінулае, каб выратавацца ў чарговы раз. Вячаслаў Сіўчык таксама заклікаў глядзець свой ютуб-канал «Пяць падзеяў ад Вячаслава Сіўчыка», дзе ён дае шмат пазнавальнага.