Іншыя артыкулы

Турэмныя тэрміны «вясноўцам» — вар'яцкая помста Лукашэнкі

Каментары беларусаў з нагоды жорсткага прысуду
Злева: Наталля Радзіна. Справа: Яўген Дудкін
Прайшоў тыдзень пасля прысуду да вялікіх турэмных тэрмінаў кіраўнікоў праваабарончага цэнтра «Вясна»: кіраўніка «Вясны», нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзя Лабковіча і (завочна) Дзмітрыя Салаўёва.

Карэспандэнтка берасцейскай «Вясны» сабрала меркаванні годных беларусаў аб гэтым прысудзе.

Паводле кіраўніка суполкі партыі БХД у Варшаве Яўгена Дудкіна, чарговы прысуд сябрам «Вясны» — гэта ўдар па арганізацыі, а рэжым прадэманстраваў, што ў рэпрэсіях супраць тых, хто яго не падтрымлівае, не спыніцца.

У такой сітуацыі чакаць ад правасуддзя законнасці не прыходзіцца, кажа галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна:
«Абсалютна цынічны, несправядлівы, жорсткі прыгавор праваабаронцам «Вясны» і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму. Таму на рэжым трэба ціснуць і ціснуць».
Маці намесніка кіраўніка палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука Таісія Кабанчук упэўнена, што гэты прысуд — проста вар'яцкая помста Лукашэнкі тым, хто дапамог свайму народу ў час законнай нязгоды з чарговымі фальсіфікацыямі на выбарах. Праваабаронцы не маюць аніякай віны перад дзяржавай. За што судзяць, а галоўнае, хто суддзі? Забойцам даюць не больш 8 гадоў, а праз 3 гады яны выходзяць па амністыі. І ў турмах з іх не здзекуюцца, як зараз з бязвінных палітычных.
Злева: Мікалай Маслоўскі. Справа: Таісія Кабанчук
З-за асабістай перасцярогі беларусы з Беларусі у сваіх каментарах былі больш сціплымі. Але яны таксама лічаць, што праваабарончая арганізацыя «Вясны» была патрэбна людзям і дапаўняла тое, чаго не рабілі дзяржаўныя арганізацыі. Людзі пры парушэнні сваіх правоў маглі атрымаць юрыдычную дапамогу, псіхалагічную і, што вельмі важна, інфармацыйную. Калі выпадкі парушэння правоў станавіліся вядомымі і атрымлівалі рэзананс.

Не ацанілі беларусы змяншэння тэрмінаў зняволення на 2 гады. Блогер Мікалай Маслоўскі лічыць, што нязначнаму змякчэнню прысудаў паспрыяў візіт Лукашэнкі ў Кітай (суддзя дала на 2 гады менш, чым патрабаваў пракурор для кожнага з вясноўцаў). Паводле Маслоўскага, для эканомікі зусім не выгадны закрытыя межы Еўропы ад Беларусі. Блогер мяркуе, што менавіта Кітай будзе ціснуць на Лукашэнку ў справе палітвязняў. Яўген Дудкін лічыць, што скарачэнне тэрміну — гэта сігнал Захаду, каб паменшыць санкцыі. Але ці так гэта, хутка стане вядома.

Нагадаем, што праваабаронцаў абвінавацілі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах і «фінансаванні пратэстаў» у 2020 годзе. Па рашэнню суддзі Ленінскага раёна Менска Марыны Запаснік праваабаронцы пакараны ад 10 да 7 гадоў зняволення з выплатай рэжыму 450 тысяч даляраў.
Made on
Tilda