Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: спатканні ў ізалятары часовага ўтрымання

Хоць затрыманы нядоўга знаходзіцца ў ІЧУ — ад 3 да 10 сутак (пры крымінальнай справе), яму ўсё адно дазваляюцца спатканні з блізкімі сваякамі і чальцамі сям'і.
На гэта патрэбна атрымаць пісьмовы дазвол таго органа, які вядзе крымінальны працэс. Для гэтага блізкім сваякам або чальцам сям'і трэба звярнуцца да яго з заявай. Такі дазвол сапраўдны толькі на адно спатканне і дзейнічае на перыяд, пакуль змешчаны пад варту адносіцца да таго органа, які яго выдаў. У дазволе павінна быць пазначана, каму і з кім спатканне дазваляецца. На спатканне з асобай, якая ўтрымліваецца пад вартай у ІЧУ, дапускаецца адначасова адзін наведвальнік, не лічачы дзяцей да шаснаццацігадовага ўзросту.
На падставе пісьмовага дазволу і дакумента, які пацвярджае асобу, начальнік ІЧУ дазваляе спатканне ў парадку агульнай чаргі і аддае пісьмовае распараджэнне дзяжурнаму пра яго правядзенне.

Правілы паводзінаў падчас спаткання:
- забаронена перадаваць адно аднаму якія-небудзь прадметы, рэчы, дакументы ці прадукты харчавання;
- зносіны праходзяць пад візуальным кантролем супрацоўніка ІЧУ;
- зносіны праходзяць на мове, якая зразумела супрацоўніку ІЧУ (пры неабходнасці — можа быць запрошаны перакладчык).

*Калі пазначаныя правілы парушаюцца, спатканне можа быць спынена датэрмінова.
Made on
Tilda