Частка 2. Што варта зрабіць падчас падрыхтоўкі справы
1. Запатрабуй не толькі азнаямлення, але і тлумачэння сваіх правоў і абавязкаў.
2. Уважліва прачытай пратакол. Памятай, што абставіны ў пратаколе не павінны засноўвацца на здагадках. Унясі туды ўсе свае пярэчанні. Пасля гэтага падпішы пратакол. Адмаўляцца падпісваць пратакол няма сэнсу: ён мае юрыдычную сілу і без твайго подпісу.
3. Знайдзі адваката або хадайнічай перад судом, каб твае інтарэсы прадстаўляў хтосьці з блізкіх сваякоў (юрыдычная адукацыя ў гэтым выпадку неабавязковая):
- заключыць дамову з адвакатам можа любы: не абавязкова сам чалавек ці блізкі сваяк
- сярэдні памер ганарару адваката каля 100 $
- удзел адваката не гарантуе памяншэнне памеру штрафу або пазбаўленне ад арышту, асабліва калі гэта тычыцца палітычнай справы
4. Азнаёмся з матэрыяламі справы перад паседжаннем (у той жа дзень ці за 2-3 дні) Для гэтага трэба звярнуцца ў канцэлярыю суда. Па матэрыялах справы:
- падрыхтуй пазіцыю абароны; лепш зрабі гэта пісьмова – у выглядзе заявы, каб далучыць яе ў судзе да матэрыялаў справы;
- калі патрэбна, патрабуй выклікаць сведак па справе;
- аформі карысныя для суда дакументы;
- пазнач усе памылкі і разыходжанні: напрыклад, розныя месца/час, , месца жыхарства сведкі і інш.
Ведай свае правы: падчас адміністрацыйнага працэсу ты можаш:
• адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;
• прадстаўляць доказы;
• заяўляць адводы і хадайніцтвы;
• мець абаронцу з моманту адміністратыўнага затрымання;
• падаваць скаргі на дзеянні суддзі.