Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі. Частка 1. Пратакол• Пратакол трэба падпісаць! Кожную старонку. У пустых графах стаў прочыркі.Лепш падпісаць пратакол, чым калі ў ім потым будзе стаяць пазнака "ад подпісу адмовіўся". Подпісам ты пацвярджаеш толькі факт азнаямлення, і ў цябе ёсць магчымасць пісьмова растлумачыць, што ты не згодзен з пратаколам.
• Вельмі важна: калі не згаджаешся са зместам пратакола, пакінь пра гэта тлумачэнне.Пратакол можа быць тваім сябрам і дапамагчы на судзе, калі выкарыстоўваць яго для адлюстравання сваёй версіі падзей і ўносіць у яго ўсе парушэнні, якія дапусцілі супрацоўнікі міліцыі пры затрыманні, дастаўленні ў РУУС/РАУС і г. д. (не назваліся, не растлумачылі правы, не паведамілі падставы для затрымання, збілі, груба абыходзіліся, забралі тэлефон і г. д.).
Не хапае месца – прасі аркуш паперы, пранумаруй яго і працягвай пісаць там. Калі не згаджаешся з тым, што міліцыянер напісаў пра цябе ў пратаколе, то знайдзі адпаведны пункт і напішы з чым менавіта не згаджаешся і як было па тваёй версіі*.
Напрыклад, што лозунгаў ты не выкрыкваў_ла, а ішоў_ла зусім па процілеглай ад натоўпу вуліцы.
*няхай гэта не датычыцца неадпаведнасцяў у пратаколах (месца/час), бо гэта абавязак і хіба супрацоўнікаў. Пры іх выяўленні на судзе разгляд будзе перанесены для ліквідацыі недахопаў, а тэрмін у 2 месяцы далей будзе блізіцца да завяршэння.
Пры разглядзе справы суддзі любяць казаць, што ў пратаколе ніякіх заўваг не было з боку асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Не дапусці гэтага, калі табе ёсць што адзначыць!• Пры складанні пратакола табе павінны растлумачыць правы і абавязкі. Даць паперку з надрукаваным на ёй пералікам тваіх правоў і абавязкаў не раўняецца тлумачэнню правоў і абавязкаў. Па кожным са сваіх правоў ты можаш задаваць пытанні, удакладняць і прасіць больш дэталёва растлумачыць. Калі супрацоўнік адмовіў, абавязкова пішы пра гэта ў адмысловай графе пратакола.
• Патрабуй копіі пратаколаў (аб адміністрацыйным парушэнні права і аб затрыманні)! Калі выдаць іх адмаўляюцца, таксама адзнач гэта ў пратаколах. Подпіс аб атрыманні пратаколаў стаў толькі пасля іх атрымання.
Паводле ч. 5 арт. 11.24 ПВКоАП фізічнай асобе, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс, копія пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні выдаецца пад распіску.Паводле арт. 8.5 ПВКоАП Копія пратакола аб затрыманні выдаецца затрыманаму па яго просьбе.* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!